У Навагрудскай парафіі сумесна з «Карытас» прайшоў трэнінг-семінар па вядзенні прадпрымальніцкай дзейнасці

Парафія Св. Міхала Арханёла сумесна з дабрачыннай каталіцкай арганізацыяй “Карытас” зладзілі трэнінг семінар “Прадпрымальніцтва, як форма дзейнасці”, які адбыўся 9 сакавіка.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі дасведчаныя прадпрымальнікі і тыя, хто плануе адчыніць сваю справу. Большасць – моладзь, якую цікавіць шматлікія аспекты вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці.

Трэнінг-семінар правёў Ігар Мікульчык, аналітык па фінансавай адукацыі, сертыфікаваны трэнер міжнароднага курса па фінансавай пісьменнасці “Плануй сваю будучыню”, член міжведамаснага каардынацыйнага савета пры савеце міністраў і Нацыянальным банку РБ па павышэнні фінансавай пісьменнасці насельніцтва.

Падчас сустрэчы былі разгледжаны юрыдычныя аспекты дзейнасці прадпрымальнікаў, характарыстыка асабістых якасцей, сацыяльная адказнасць бізнэса, разуменне маркетынга, выбар прадпрымальніцкай “нішы”, прасоўванне тавара (рэклама), рызыкі ацэнкі ў прадпрымальніцтве, SWOT-аналіз, прадпрымальніцкая гульня, выбар юрыдычнай формы вядзення бізнэсу, асаблівасці падбору персанала, дзе знайсці грошы для бізнэсу, крыніцы фінансавання, разумныя пазыкі і іншае.

Удзел у семінары прыняла таксама галоўны спецыяліст аддзела дзяржаўнай службы занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай ахове Навагрудскага райвыканкама Кацярына Казец, якая расказала аб садзейнічанні беспрацоўным у арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, дзейнасці па аказанні паслугаў у сферы аграэкатурызма і рамесніцкай дзейнасці.

Анастасія Пятрова, тэкст і фота

для друку для друку