У Навагрудку стартавала калядная дабрачынная акцыя «Кошык Дабрыні»

У гандлёвым цэнтры «Поні» па вул. Міцкевіча дадзены старт каляднай дабрачыннай акцыі «Кошык Дабрыні», арганізаванай парафіямі Святога Арханёла Міхала г. Навагрудка і Святога Казіміра аг. Уселюб.

Акцыя ладзіцца трэці год запар. Каб дапамогу атрымалі як мага больш сем’яў, кожны год да яе далучаюцца розныя гандлёвыя аб’екты горада і раёна. Пастанныя партнёры – магазіны «Поні» ТДА «КамРадГандаль», «Родны кут» Навагрудскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, «Востраў чысціні і смаку» ПГУП «ЗахадХімГандаль».

У рамках акцыі, якая ладзіцца да 15 студзеня, ажыццяўляецца збор прадуктаў харчавання, якія не патрабуюць асаблівых умоў захоўвання і з доўгім тэрмінам годнасці (крупы, мука, алей, кансервы, пячэнне і г.д.), гігіенічных прыладаў, канцылярскіх тавараў. Любы з названых тавараў патрэбна пакласці ў спецыяльны кошык, устаноўлены ў магазіне.

Арганізатары і валанцёры акцыі сталі яе першымі ўдзельнікамі і за некалькі хвілін напоўнілі першы «Кошык Дабрыні».

У мінулым годзе акцыя «Кошык Дабрыні» сабрала ў г. Навагрудак каля 500 кг. харчовых тавараў, якія пазней былі раздадзены найбольш патрабуючым жыхарам Навагрудчыны.

Кс. Юрый Жэгарын

для друку для друку