У Навагрудку прайшлі рэкалекцыі для сем’яў

11-15 ліпеня ў кляштары Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) у Навагрудку адбыліся рэкалекцыі для сем’яў.

На рэкалекцыях сабралася 18 сем’яў – у цэлым 73 чалавекі. Самаму малодшаму было 7 месяцаў, самаму старэйшаму – 65 гадоў. У правядзенні духоўных практыкаванняў дапамагалі чатыры сястры назарэтанкі, канферэнцыі прамаўляў кс. Віталій Сідорка.

Падчас тэматычных канферэнцый прысутныя разважалі над будаваннем адносін у сям’і, а таксама над тым, як трэба выходзіць з крызісных сітуацый, і над магчымасцю аздараўлення сям’і.

Неаднаразова падкрэслівалася, што ў будаванні адносін у сям’і на першае месца трэба ставіць Хрыста, які павінен быць цэнтрам кожнай сям’і.

Падчас рэкалекцый сужэнцы мелі магчымасць дзяліцца сваімі сведчаннямі, як яны перажываюць веру ў шлюбе. Таксама яны распавядалі пра цяжкасці ў сямейным жыцці і спосабы, як іх пераадольваць.

Для дзяцей была падрыхтавана спецыяльная праграма. У іх быў час на адпачынак і на знаёмства з праўдамі веры, пра што расказвалі ім у катэхезах сёстры законныя.

Для саміх сужэнцаў гэта быў час сапраўднага аднаўлення свайго саюзу і адносін з Панам Богам. “Так глыбока ўсё гэта ў сэрцы! Нешта вельмі змянілася, толькі пакуль не разумею, што і наколькі, але мой свет дакладна стаў іншым”, – дзеліцца Алена Паўлюкевіч з Ліды.

Наталля Глябовіч з Гродна адчувае, што час, праведзены на рэкалекцыях, быў не змарнаваны – гэта быў час ласкі і асаблівага дзеяння Бога ў жыцці. “Тое ж месца, тыя ж любімыя сёстры, той жа касцёл, а столькі новых эмоцый і перажыванняў, цудоўных ўражанняў! Столькі тэмаў для разважання і нагодаў для малітвы!” – кажа Наталля.

Напрыканцы рэкалекцый удзельнікі падзякавалі сёстрам назарэтанкам за арганізацыю гэтай сустрэчы, а таксама падзякавалі кс. Віталію Сідорку за праведзены разам час, за будаванне супольнасці і духу еднасці.

Сем’і вярнуліся дадому адноўленыя духоўна і з новым запалам, каб адважна пераадольваць цяжкасці жыцця і будаваць добрыя адносіны з Богам, іншым чалавекам і адно з адным.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

С. Марыянна Алешчык CSFN, фота

для друку для друку