У Навагрудку прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя абароне сямейных хрысціянскіх каштоўнасцей

З 3-га па 10-га лістапада ў парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку праходзілі лекцыі і майстар класы, прысвечаныя абароне ненароджанага жыцця і сямейных хрысціянскіх каштоўнасцей. Pro-life праграма была арганізавана па ініцыятыве пробашча парафіі кс. Юрыя Жэгарына пры падтрымцы дабрачыннага фонда «Адкрытыя сэрцы» і Навагрудскага райвыканкама.

 Я даўно знаёмы з дзейнасцю фонда «Адкрытыя сэрцы». Яго супрацоўнікі і валанцёры прапаведуюць агульнахрысціянскія сямейныя каштоўнасці на працягу амаль 10 гадоў і ўвесь гэты час цесна супрацоўнічаюць з Рыма-каталіцкім Касцёлам у Беларусі, – адзначае кс. Юрый. – Аборты, разводы, аднаполыя шлюбы – існуючых праблем, на жаль, вельмі шмат. Калі мы не будзем вучыць людзей рабіць правільны выбар — на карысць жыцця, а не смерці — то ў будучыні чалавецтва чакае гібель. Я вельмі ўдзячны кіраўніцтву фонда за згоду правесці ў нашым горадзе шырокі комплекс мерапрыемстваў і кіраўніцтву раёна за дапамогу ў іх ажыццяўленні.

nv1

У рамках праграмы існавала магчымасць пазнаёміцца з выставай «Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці». Экспазіцыя заклікала задумацца над наступствамі рашэнняў, якія прымаюцца ў самых галоўных пытаннях: жыцця і смерці. На ёй таксама былі прадстаўлены дэмаграфічныя праблемы сучаснага свету: трагедыя адмовы ад нараджэння дзяцей, шкода кантрацэпцыі і абортаў для духоўнага і фізічнага здароўя мужа і жонкі.

Былі праведзены лекцыі для медыцынскіх і сацыяльных работнікаў, настаўнікаў і работнікаў культуры, сустрэчы з моладдзю і семінар па падрыхтоўцы лектараў з выдачай адпаведных сертыфікатаў. Мерапрыемствы праводзіліся супрацоўнікамі і валанцёрамі фонда, спецыялістамі ў розных сферах, у тым ліку і з Расіі. 

Інструктар «Школы родаў» Алена Валаховіч раскрыла праблему абортаў і адзначыла, што за гады дзейнасці фонда «Адкрытыя сэрцы» на свет з’явілася 123 дзіцяці, маці якіх першапачаткова вырашылі зрабіць аборт. «У маштабах краіны – вельмі мала, але гэта жыцці, якіх магло і зусім не быць», — падкрэсліла жанчына.

У сваю чаргу акушэр-гінеколаг з 40-гадовым стажам Людміла Баракавая падзялілася рэальнымі парадамі і альтэрнатывамі адносна таго, як пазбегнуць прымянення кантрацэптываў у зносінах і як зведаць шчасце бацькоўства парам з паніжанымі магчымасцямі да зачацця. «Уся праблема людзей у адсутнасці або абмежаванасці ведаў па тых ці іншых пытаннях і праблемах, а ў свеце даўно існуюць самыя разнастайныя шляхі іх вырашэння», — адзначыла спадарыня Людміла.

На заканчэнне арганізатары pro-life мерапрыемстваў наведалі навучальныя ўстановы Навагрудка і ваколіц. Агулам было ахоплена каля паўтары тысячы маладых людзей, якім распавялі пра вартасць дашлюбнай чысціні.

grodnensis.by

для друку для друку