У Навагрудку адбыўся арганны канцэрт “Requiem”

Шанаванне мёртвых з’яўляецца неад’емнай часткай гісторыі чалавецтва ўжо з самага яе пачатку. Яно ўваходзіць арганічным складнікам у вераванні як першабытнага, так і сучаснага чалавека. Каталіцкія вернікі Дзень памінання памерлых адзначаюць 2 лістапада. Акрамя традыцыйных малітваў на ўспамін Усіх памерлых вернікаў у парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку сёлета было вырашана арганізаваць канцэрт-рэквіем класічнай музыкі, які адбыўся ў суботу, 11 лістапада.

Вітаючы прысутных, пробашч касцёла Святога Міхала Арханёла ксёндз Юрый Жэгарын адзначыў, што малітоўны ўспамін памерлых – важны абавязак усіх вернікаў.

Ушанаваць памяць памерлых сабраліся не толькі навагрудчане – на канцэрце «Requiem» прысутнічалі вернікі з Мінска, Баранавіч, Дзятлава, Ашмян, Астраўца, Іўя, Карэліч, Бярозаўкі і іншых гарадоў.

Прысутныя ўпершыню пачулі сумеснае гучанне аргана і армянскага дудука – драўлянага духавога язычковага музычнага інструмента, музыка якога прызнана шэдэўрам Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. У канцэрце прынялі ўдзел саліст Прыморскай сцэны Марыінскага тэатра Ігар Сівенкоў (армянскі дудук), лаўрэат міжнародных конкурсаў, саліст Беларускага тэатра оперы і балета Аляксандр Міхнюк (тэнар), піяніст Беларускай дзяржаўнай філармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксандр Музыкантаў (арган), Андрэй Міхневіч (арган, барытон), струнны квартэт з г. Мінска – Эла Іванова (скрыпка), Ірына Кнауэр (скрыпка), Вольга Цільневіч (альт), Наталля Грудзіна (віяланчэль).

Чароўныя гукі 200-гадовага аргана, цёплае і злёгку прыглушанае гучанне армянскага дудука, звонкая і мілагучная музыка струнных інструментаў – падабраны для канцэрта рэпертуар стварыў атмасферу спакою і малітоўных роздумаў.

Анастасія Пятрова, тэкст
Генута Грыцютэ, фота

для друку для друку