- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

У Навагрудку 11 юнакоў і дзяўчат уступілі ў «Рух чыстых сэрцаў»

[1]5 мая 2019 года ў касцёле святога Міхала Арханёла ў Навагрудку адбылася цырымонія пасвячэння 11 маладых хлопцаў і дзяўчат у «Рух чыстых сэрцаў». Перад алтаром яны склалі абяцанні чысціні да сужэнства або моманту святарскіх пасвячэнняў ці ўступлення ў манаскае жыццё. Гэта азначае, што шостая Божая запаведзь з гэтага часу для іх не пусты гук.

Чыстых людзей Бог благаслаўляе. Таму ў гэты дзень моладзь нібы заключыла дагавор з Богам. Штосьці накшталт “дагавора” Аўрама і Бога: “усё Маё – Тваё, і Тваё – Маё” (Ян 17, 10). У дадзеным выпадку гэта гучыць так: калі я даверуся Богу, я атрымаю ўсё Божае царства, і з гэтага часу мяне будзе суправаджаць пачуццё прысутнасці Бога ў маім жыцці.

Маці Тэрэза з Калькуты да моладзі:

«Тое, што вы любіце дзяўчыну, або тое, што ты любіш хлопца — гэта прыгожа. Але не сапсуй гэтага. Захавай сваю любоў чыстай. Захавай сваю любоў некранутай, каб у дзень шлюбу мець тое прыгожае для ахвяравання адзін аднаму… радасць чыстай любові.»

Нажаль, гэтую вялікую рэч большасць маладых людзей, нашых сучаснікаў, не разумее. Сённяшні свет не прымае вартасці дзявоцтва. У гэтым сэнсе моладзь амаль што не бачыць добрага прыкладу з боку бацькоў, сяброў, калег. Маладыя паддаюцца ціску нашага жорсткага свету. Таму маем тое, што пасеялі.

Гэтыя ж 11 чалавек іншыя, яны даверылі Богу не толькі сябе, але і сваіх будучых мужоў і жонак. Бог паблагаславіць і гэтых людзей, а таксама дасць сілы тым, хто абярэ святарства ці манаскае жыццё.

[2]

Маладым людзям на безыменныя пальцы правай рукі, дзе звычайна носяць заручальныя пярсцёнкі, у гэты дзень былі адзеты кольцы з надпісам на англійскай мове «сапраўдная любоў чакае». Іх адзявалі самыя блізкія людзі — дзяўчатам таты, хлопцам матулі, у некаторых выпадках проста родныя. Пярсцёнак – гэта бачны знак, сведчанне і напамін. Патрэбна мужнасць, каб яго не саромецца і насіць, не здымаючы. Бо пытанняў наконт гэтага пярсцёнка будзе шмат. Ён будзе заменены на заручальны толькі ў момант прыняцця сакраманту сужэнства, таму пэўны час трэба будзе адважна адказваць на ўсе пытанні.

Святы Ян Павел ІІ сказаў маладым:

«Цывілізацыя смерці хоча знішчыць чысціню сэрца. «Адзін са спосабаў гэтага дзеяння мэтазгоднае паддаванне ў сумнеў паставы чалавека, якую мы вызначаем, як цнота чысціні. Гэта з’ява асабліва небяспечна, калі мэтай нападу становяцца адчувальныя сумленні дзяцей і падлеткаў. Цывілізацыя, якая, такім чынам, раніць або нават забівае правільнае стаўленне чалавека да чалавека, з’яўляецца цывілізацыяй смерці, таму што чалавек не можа жыць без сапраўднай любові».

«Рух чыстых сэрцаў» — гэта супольнасць маладых людзей, каму блізкія словы Пана Езуса: «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць». Удзельнікі Руху жывуць духам гэтага блаславення праз захаванне запаведзяў Божых, малітву, скарыстанне Святых Сакрамантаў.

Фаіна Малюжэнец