У Нарачы ўшануюць памяць жонкі польскага прэзідэнта Леха Качынскага Марыі, якая была ахрышчана ў мясцовым касцёле

22 жніўня ў касцёле святога Андрэя, апостала, у Нарачы з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адбудзецца адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў памяць жонкі прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага Марыі, якая была тут ахрышчана і загінула разам са сваім мужам у авіякатастрофе пад Смаленскам, паведамляе Catholic.by.

10 красавіка 2010 года ў жудаснай авіякатастрофе загінула польская дэлегацыя ў складзе 88-і чалавек. Афіцыйныя асобы, грамадскія дзеячы і прадстаўнікі духавенства розных канфесій суседняй краіны кіраваліся ў Катынскі мемарыял, каб ушанаваць памяць сваіх суайчыннікаў, знішчаных у лесе пад Смаленскам савецкімі катамі. У авіякатастрофе, прычыны якой да гэтага часу канчаткова не высветлены, загінуў таксама прэзідэнт Рэспублікі Польшча Лех Качынскі і яго жонка Марыя Качынская, у дзявоцтве Мацкевіч.

Людзі ва ўсім свеце ведаюць пра тую страшную авіякатастрофу, але мала каму вядома, што жонка польскага прэзідэнта нарадзілася на Беларусі і была тут ахрышчана.

Марыя Алена Мацкевіч, дачка Чэслава Мацкевіча і Лідзіі Пішчакі, нарадзілася 21 жніўня 1942 года ва ўрочышчы Махава пад Кабыльнікам (сёння — вёска Нарач) і была ахрышчана 27 верасня ў мясцовым касцёле святога Андрэя, апостала, тагачасным пробашчам кабыльніцкай парафіі ксяндзом Казімірам Паўловічам. Адпаведны запіс захаваўся ў метрычнай кнізе парафіі святога Бэрнарда ў Сопаце (Польшча), дзе будучая прэзідэнцкая пара заключыла сакрамант сужэнства.

Марыя і Лех Качынскія. Фота: АР

Паколькі дом сям’і Мацкевічаў — леснічоўка ў ваколіцах Нарачы — да сённяшняга дня не захавалася, адзіным месцам для ўшанавання памяці Марыі Качынскай з’яўляецца касцёл, у якім яна прыняла сакрамэнт святога хросту. З ініцыятывай усталяваць у святыні сціплую мемарыяльную дошку выступіла Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, звярнуўшыся з адпаведнай прапановай да беларускіх дзяржаўных уладаў і ўладаў мясцовага Касцёла.

Пасля атрымання неабходных афіцыйных дазволаў і са згоды касцёльнай улады быў узгоднены эскіз мемарыяльнай дошкі. Яна выканана ў форме разгорнутай кнігі з крыжам у верхняй частцы, пад якім на беларускай і польскай мовах напісана:

«У гэтым касцёле 27 верасня 1942 года была ахрышчана Марыя Качынская (Мацкевіч), якая нарадзілася 21 жніўня 1942 г. у Махаве на тэрыторыі мясцовай парафіі, жонка прэзідэнта Рэспублікі Польшча Леха Качынскага».

Урачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў памяць Марыі Алены Качынскай (Мацкевіч), прымеркаванае да 77-й гадавіны з дня яе нараджэння, адбудзецца ў касцёле св. Андрэя, апостала, у Нарачы ў чацвер, 22 жніўня, падчас святой Імшы ў 18.30, цэлебрацыю якой узначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У памятнай цырымоніі возьмуць удзел афіцыйныя прадстаўнікі Рэспублікі Польшча. Яны адзначаюць, што памяць пра жонку прэзідэнта Леха Качынскага Марыю жыве ў іх краіне і што адкрыццё мемарыяльнай дошкі на яе малой радзіме паспрыяе далейшаму развіццю братэрскіх адносінаў паміж народамі Польшчы і Беларусі, з’яднанымі шматвяковай супольнай гісторыяй.

для друку для друку