У Налібаках адсвяткавалі Купалле па-хрысціянску

2016-06-27-ku2Ужо чацвёрты год вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках адмыслова праводзяць вечар урачыстасці нараджэння святога Яна Хрысціцеля.

Пачынальнікам гэтай традыцыі з’яўляецца пробашч парафіі кс. канонік Мар’ян Шэршэнь, які вырашыў, што католікі павінны мець альтэрнатыву свецкім купальскім забавам, каб цалкам напоўніць гэты дзень малітвамі да Бога і ўшанаваннем св. Яна Хрысціцеля. 

Як і заўсёды, у гэтым годзе 24 чэрвеня пасля вячэрняй святой Імшы парафіяне сабраліся каля крыжа на беразе возера ў вёсцы Церабейнае налібацкай парафіі. Сярод прысутных было шмат дзяцей і моладзі, якія прыехалі сюды на адпачынак. Святкаванне пачалося з набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Потым адбылося асвячэнне вады ў возеры праз малітву і акунанне Пасхала. Ксёндз Мар’ян Шэршэнь прамовіў гамілію, у якой падкрэсліў, што св. Ян Хрысціцель з’яўляецца апекуном цвярозасці, таму ў гэты дзень хрысціяне асабліва павінны пазбягаць ужывання алкаголю. 

Падтрымаў святочную хрысціянскую атмасферу канцэрт гурта «Laudans», які прадставіў праграму з уласных твораў і папулярных хрысціянскіх песень. Таксама для прысутных быў накрыты стол з пачастункамі, паведамляе catholic.by.

Моладзь да самай ночы танчыла, гуляла ў гульні і нават скакала праз вогнішча. А самае галоўнае — што правесці гэты вечар яна змагла з Богам.

для друку для друку