У Мядзелі адзначылі 250-годдзе Кальварыі

miadziel_kalvaryja57Гэта адзіная Кальварыя, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Два разы яна была разбураная: першы раз яшчэ ў царскія часы ў другой палове ХІХ стагоддзя, другі раз – бальшавікамі.

Гісторыя Кальварыі

Гісторыя мядзельскай Кальварыі цесна пераплятаецца з гісторыяй парафіі. У сярэдзіне XVIII стагоддзя фундатар касцёла Маці Божай Шкаплернай Антоній Кошчыц запрасіў у Мядзел кармелітаў босых. Ён таксама фундаваў будаўніцтва для іх кляштара.

Кармеліты вырашылі пабудаваць Кальварыю, падобную да Крыжовай дарогі ў Ерусаліме. Годам заснавання Кальварыі лічыцца 1765-ы. У 1772 годзе яна ўжо налічвала 21 капліцу і 8 брамаў, якія пачыналіся паблізу касцёла і выходзілі за мястэчка. Капліцы былі самага рознага кшталту, збудаваныя з дрэва, стаялі на каменных падмурках, і змяшчалі ў сабе маляваныя абразы і драўляныя скульптуры.

У другой палове ХІХ стагоддзя будынак касцёла разам з Кальварыяй быў перададзены праваслаўнай царкве, кармеліты вымушаныя былі пакінуць Мядзел. Кальварыя аказалася непатрэбнай новым гаспадарам і стала занепадаць і разбурацца.

У 1920 годзе, калі Мядзел трапіў у склад адроджанай польскай дзяржавы, храм і Кальварыя былі перададзеныя католікам. Зноў у Мядзел вярнуліся айцы-кармеліты і пачалося другое адраджэнне Кальварыі. Яго ініцыятарам быў айцец Браніслаў Ярасінскі, які працаваў у Мядзелі напрыканцы дваццатых гадоў мінулага стагоддзя. Пасля смерці жыхара Мядзела Генрыха Козел-Паклеўскага, якому на той час належала ўся тэрыторыя першапачатковай Кальварыі, айцы-кармеліты адкупілі ў нашчадкаў 50 га зямлі пад адраджэнне новай Кальварыі. У 1933 – 1938 гадах былі пабудаваны 15 капліц з цэглы, каменя і блокаў, пакрытых бляхай.

Але другому адраджэнню Кальварыі перашкодзіла Другая Сусветная вайна, якая пачалася ў 1939 годзе. Спачатку Мядзельшчына патрапіла ў склад Савецкага Саюза, потым тут тры гады гаспадарылі немцы, пасля сюды зноў прыйшлі камуністы з іх ваяўнічым атэізмам. Замест другога адраджэння наступіў перыяд другога разбурэння Кальварыі. Гэта разбурэнне было куды больш жорсткім, чым першае, бо цалкам знішчыла Кальварыю. Пацярпеў і сам будынак храма. Спачатку тут зрабілі зернясховішча, а потым склад мінеральных угнаенняў. Парэшткі фундатара касцёла, якія спачывалі ў скляпеннях храма, былі выкінутыя…

Касцёл быў перададзены вернікам толькі ў 1989 годзе. Адразу ж пачаліся працы па аднаўленню будынка храма. Пасля аднаўлення храма ўзнікла ініцыятыва па аднаўленню мядзельскай Кальварыі. Як заўсёды ў такіх справах, не хапала сродкаў, таму спонсараў шукалі нават у суседняй Польшчы. Адтуль жа прывозілі і большасць матэрыялаў, бо беларуская цэгла аказалася не самай лепшай і хутка разбуралася.

miadziel_kalvaryja24

Сучасная Кальварыя ў Мядзелі складаецца з чатырнаццаці капліц памерам тры на два з паловаю метры, якія сімвалізуюць 14 стацый Крыжовага шляху Хрыста. Працягласць мядзельскай Крыжовай дарогі складае каля двух з паловай кіламетраў. Адроджаная Кальварыя праектавалася на ўзор Кальварыі Зэбжыдоўскай у Польшчы. Праект зрабіў інжынер-архітэктар Якуб Вэстрых з Варшавы.

Адноўленую Кальварыю ў 2014 годзе асвяціў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Крыжовы шлях

Урачыстасць распачалася ў нядзелю 13 верасня ў 11 гадзін, калі вернікі сабраліся каля касцёла, каб сустрэць Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці. Пасля прывітальных словаў арцыбіскуп акрапіў вернікаў святой вадой і зайшоў у храм. У сваім кароткім звароце да парафіян і гасцей свята ён адзначыў, што хоча хутчэй пабачыць на свае вочы Кальварыю, аб якой яму шмат разоў даводзілася чуць. Ён таксама адзначыў, што ў пілігрымцы павінны ўдзельнічаць не толькі нашы ногі, але і сэрцы. “Калі мы ідзём, а ў гэты час нашы думкі далёка, то моляцца толькі нашы ногі,” – адзначыў іерарх.

miadziel_kalvaryja11

Пасля кароткай малітвы ў касцёле вернікі разам са святарамі выправіліся да Кальварыі. А шлях да Кальварыі не такі ўжо і блізкі – недзе каля трох кіламетраў. Гэты шлях разам з вернікамі прайшоў і прадстаўнік Папы ў Беларусі.

Каля адноўленай брамы мядзельскай Кальварыі працэсію ўжо чакала шмат людзей, якія далучыліся да Крыжовага шляху. Пасля прывітальных слоў і ўручэння папскаму пасланніку хлеба, распачалася ўласна Крыжовая дарога. Трэба адзначыць, што яна праходзіць па вельмі маляўнічых мясцінах, дарога то падымаецца на пагорак, то спускаецца ўніз. І ўсё гэта ў лесе або на ўзлеску! Гэту прыгажосць нельга перадаць словамі, яе трэба бачыць!

Месцамі можна пабачыць падмуркі і рэшткі сцен старых каплічак. Па іх памерах відаць, што яны былі значна большымі за сённяшнія. Бурыць іх ужо ніхто не будзе, яны будуць стаяць столькі, колькі адвядзе ім час. Яны павінны напамінаць нам аб людзях, нашых продках, якія тут жылі, верылі ў Бога, таксама хадзілі па гэтаму Крыжоваму шляху. Яшчэ яны напамінаюць нам аб варварах ХХ стагоддзя і заклікаюць, каб больш падобныя з’явы не мелі месца ў нашым жыцці.

miadziel_kalvaryja40

У наш час каплічкі размешчаныя на абодвух баках шашы, што вядзе з Паставаў у Мядзел. Таму, каб патрапіць у канечны пункт Крыжовага шляху, трэба перасячы шашу. Тут краявіды ўжо мяняюцца – калі раней каплічкі размяшчаліся ў лесе, то зараз яны размешчаныя на ўзлеску. Але гэта не змяншае прыгажосці наваколля! Ну а калі мы падняліся пасля апошняй стацыі на ўзгорак, дзе павінна была адбыцца святая Імша, то навакольная прыгажосць нас проста пакарыла: з пагорка было відаць прыгожае возера Мястра, на беразе якога быў відаць як на далоні Мядзел!

Працягласць Крыжовай дарогі складае каля двух з паловай кіламетраў, таму людзі былі стомленыя, бо прайсці такі немалы шлях па лясных сцежках не такая ўжо і лёгкая справа. Але Крыжовая дарога таму так і называецца, што мы, разважаючы аб пакутах і ахвяры Езуса Хрыста, таксама павінны нечым ахвяраваць. І, нягледзячы на стомленасць, людзі былі шчаслівыя. Шчаслівыя таму, што прайшлі гэты шлях, што з імі разам маліўся прадстаўнік Апостальскай сталіцы, што дачакаліся часу, калі можна не баяцца вызнаваць сваю веру.

Як сказаў для “Каталіцкага Весніка” Багдан Руткевіч, вернік мядзельскай парафіі: “Кальварыя ўваскрэсла, аднавілася, гэта цуд, гэта наша радасць. Нягледзячы на свой узрост, а мне ўжо 76 гадоў, мне хочацца быць тут. Бальшавікі ўсё тут пабурылі, але, дзякуй Богу, справядлівасць перамагла.”

Хочацца верыць, што на гэты раз перамога гэта будзе канчатковай.

Імша на Кальварыі

У дзве гадзіны на пагорку Кальварыі, дзе ўсталяваныя тры крыжы, распачалася святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці. У сваім слове да вернікаў ён адзначыў, што мядзельская Кальварыя паўтарае лёс усяго беларускага народа, які некалькі разоў быў на мяжы вынішчэння, але кожны раз адраджаўся.

Як адзначыў нунцый: “Гэты Крыжовы шлях, які дастаткова доўгі, з’яўляецца вобразам доўгага пакутлівага шляху беларускага народа. Тры разы будавалася гэтая Кальварыя. Але кожны раз знаходзіліся людзі, якія хацелі яе разбурыць. Будзем спадзявацца, што на гэты раз такога ўжо не здарыцца.”

miadziel_kalvaryja63

Думку высокага госця падзяляюць і святары, і парафіяне мядзельскай парафіі. Вікарый парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі айцец Юрый Кулай, у прыватнасці, сказаў: “Будзем спадзявацца, што ўсё у Божых руках, што людзі не будуць паўтараць тых памылак, што былі ў мінулым. Трэба аднаўляць культ мядзельскай Кальварыі, абуджаць веру народа, каб людзі, калі раптам настане пагроза новага разбурэння, не далі гэтага ўчыніць.”

Яго думку пацвердзіла і прадстаўніца маладога пакалення адзінаццацікласніца Кацярына: “Я вельмі спадзяюся, што гэту Кальварыю больш не знішчаць, што сваю веру мы павінны перадаць сваім будучым дзецям. Бо наша Кальварыя – вельмі вялікая рэч!”

На тэрыторыі Кальварыі застаецца яшчэ шмат працы па добраўпарадкаванню, таму айцы-кармеліты рады вітаць спонсараў, а таксама тых, хто сваёй працай дапаможа зрабіць яе яшчэ больш прыгажэйшай!

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку