У Мсціславе пачалі работы па выратаванні старадаўняга касцёла (відэа)

На першым этапе закінуты храм закансервуюць.

У Мсціславе, на помніку архітэктуры XVIII стагоддзя — касцёле езуітаў — зноў ажыўленне. Да супрацьаварыйных работ прыступілі будаўнікі з Магілёва — падрадная арганізацыя будтрэста №12. Спецыялісты павінны падрыхтаваць да кансервацыі культавае збудаванне — езуіцкі касцёл у стылі барока, які размешчаны амаль у самым цэнтры Мсціслава, паведамляе актывіст Дзяніс Касцюкевіч.

У мясцовым райвыканкаме ўдакладнілі, што пачаліся падрыхтоўчыя працы да зняцця аварыйнасці будынка. Будаўнікі ўмацоўваюць апорныя сцены, дах, потым заладзяць дзіркі і падрыхтуюць будынак да кансервацыі. Грошы на працы выдзяляе Магілёўскі аблвыканкам.

Нагадаем, закінуты каталіцкі храм у апошнія гады знаходзіўся ў аварыйным стане. У снежні мінулага года там абвалілася частка сцяны. Цяпер ёсць надзея, што мсціслаўскі касцёл можа быць выратаваны і закансерваваны.

Раней Мінкульт Беларусі аб’яўляў збор грошай на аднаўленне касцёла ў Мсціславе. У планах мясцовых уладаў — размясціць у адрамантаваным храме канцэртную залу для музычнай школы.

katolik.life

для друку для друку