У Мёрах моладзь танцам славіла Госпада

24 жніўня ў Мёрах адбылася моладзевая сустрэча “Танцуй для Яго”, якая сабрала маладых людзей з Полацка, Браслава, Друі, Ліды, Магілёва, Барысава.

Арганізатарамі сустрэчы была вельмі гасцінная мёрская моладзь. Распачалася сустрэча святой Імшой, якую цэлебраваў душпастыр моладзі Віцебскай дыяцэзіі кс. Алег Хмылко. Пасля быў час, калі вучыліся праслаўляць Бога сваімі танцамі. Некаторыя танцы былі ўжо знаёмыя, іншыя трэба было вучыць. Каб трошкі адпачыць і задумацца над месцам маладых людзей у Касцёле была канферэнцыя, а пасля яе праца ў групах, дзе кожны мог пачуць голас сяброў пра жыццё моладзі ў сваіх парафіях. Кожны мог падзяліцца сваім досведам, а таксама выказаць цяжкасці. Праца ў групах заўсёды добрая нагода, каб атрымаць натхненне на актыўнасць у жыцці парафіі.

Пасля смачнага абеда быў час адарацыі Найсвяцейшага Сакраманта, дзе кожны мог асабіста паразмаўляць з Госпадам, слухаючы Яго Голас.

Аніматары падрыхтавалі цікавую забаўляльную праграму, падчас якой можна было адпачыць і добра павесяліцца. Кульмінацыяй сустрэчы стаў канцэрт гурта Quo Vadis і танцы праслаўлення, падчас якога была вельмі цёплая і ўтульная атмасфера. І хоць сустрэча была адзін дзень, праграма настолькі насычаная, што здавалася мы разам некалькі дзён.

Дзякуй вялікі ўсім арганізатарам і тым, хто прычыніўся да гэтай сустрэчы!

с. Таццяна Гмыза, тэкст
Вікторыя Мітрафанава, фота

для друку для друку