У мядзельскім касцёле знайшлі рэліквіі святой II стагоддзя

У сцяне касцёла Маці Божай Шкаплернай, што ў Мядзеле, знайшлі рэліквіі, замураваныя ў 1940 годзе, перад прыходам бальшавікоў. Знаходкі вельмі каштоўныя для Беларусі, сказаў Свабодзе ксёндз Юры Кулай.

Пра схованку даведаліся з нататкі аднаго з братоў касцёла, знойдзенай у архіве Ордэна кармэлітаў у Кракаве разам з фота старога Мядзела. Апісання было дастаткова, каб зразумець, дзе схаваныя рэліквіі — пры нагодзе, калі мянялі электраправодку, іх знайшлі.

Сярод знаходак — парафіяльныя кнігі хростаў, шлюбаў, памерлых і ахвярадаўцаў, некаторыя яшчэ з XIX стагоддзя, а таксама мошчы святой Тэрэзы, святой Цэцыліі і папы Грыгорыя Вялікага. Самыя старыя — святой Цэцыліі, якая жыла ў Рыме ў II стагоддзі.

«Я думаю, гэта сапраўды надзвычайная знаходка, — кажа Свабодзе айцец Юры. — Рэліквіі II стагоддзя — гэта рэдкасць і для Беларусі, і ўвогуле. Раней у Мядзеле былі рэліквіі святога Юстына, таксама II стагоддзя, але перад Першай сусветнай вайной унучка фундатара перанесла іх у Мосарскі касцёл. Мошчы святой Цэцыліі, якія знайшлі ў нас, таксама II стагоддзя — а больш старажытных рэліквій я не сустракаў у Беларусі».

Рэліквіі застануцца ў касцёле і будуць выстаўленыя для вернікаў. Але калі менавіта гэта будзе, пакуль невядома: у касцёле яшчэ працуюць над упарадкаваннем знаходак, набываюць адмысловыя рэліквіярыі.

З тэрыторыі Беларусі вывозілі за мяжу шмат рэліквіяў, каб уратаваць іх ад бальшавікоў, кажа айцец Юры, але шмат было проста знішчана. Аўтар нататкі пра схованку пісаў, што ведае: ідуць савецкія ўлады, «якія не глядзяць ні на што».

«І касцёл сапраўды потым быў зачынены, выкарыстоўваўся як склад хімічных угнаенняў, сельскагаспадарчай тэхнікі, стаяў бяз вокнаў і дзвярэй, — расказвае айцец Юры. — Усё было раскладзена-раскідана, святары выехалі ў Польшчу. Адзін святар, які застаўся, схаваў гэтыя рэчы, пасля таксама выехаў у Польшчу».

для друку для друку