У Міёрах адбылася галоўная парафіяльная ўрачыстасць

urachystasc_Miery415 жніўня ў Міёрскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка, адбылася галоўная парафіяльная ўрачыстасць.

На фэст сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, але таксама вернікі, сёстры законныя і святары з іншых парафій.

Найбольш прадстаўнічая была дэлегацыя сясцёр эўхарыстак з Друі, аднак глоўным госцем і цэлебрантам Святой Імшы стаў Яго Эксцэленцыя дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

У сваёй гаміліі біскуп Юрый звярнуў увагу на асобу Марыі, як прыклад хрысціянскага жыцця. Пастыр зазначыў, што вялікая ласка: быць узятай на неба з душой і целам, дадзена Марыі не толькі таму, што яна Божая Маці, але за сведчанне неадступнай веры ў Бога праз усё сваё жыццё.

Яго Эксцэленцыя правёў паралелі паміж жыццём Марыі і сучасным жыццём, сканцэнтраваўшы ўвагу на выснове: каб дасягнуць Божага Валадарства мы павінны навучыцца слухаць голас Бога і бязмежна давяраць Яму, будаваць адносіны з іншымі людзьмі на ўзор Марыі.

urachystasc_Miery6

Напрыканцы Святой Імшы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Разам з парафіяльным хорам “Fiat” прысутныя праспявалі Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі. Затым адбылася ўрачыстая працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам вакол касцёла.

Завяршылася набажэнства традыцыйным асвячэннем кветак і пладоў новага ўраджаю.
На заканчэнне ўрачыстасці ксёндз-пралат Кшыштаф Мянкіна падзякаваў усім, хто далучыўся да ўдзелу ў святочных мерапрыемствах.

urachystasc_Miery7

Пробашча падтрымала моладзь, якая выказала словы ўдзячнасці дапаможнаму біскупу Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыю Касабуцкаму за цэлебрацыю Святой Імшы і гамілію.

Яго Эксцэленцыя ксёндз-біскуп Юрый у сваю чаргу падзякаваў усім прысутным вернікам, сёстрам законным і святарам за супольную малітву, ксяндзу-пробашчу Кшыштафу Мянкіну за запрашэнне на ўрачыстасць і гасцінны прыём, а парафіяльнаму хору “Fiat” за цудоўны спеў падчас набажэнства.

Асаблівыя словы ўдзячнасці пастыр выказаў міністрантам, адзначыўшы высокі ўзровень выканання імі сваіх абавязваў падчас літургіі.

Жанна Закрэўская, тэкст і фота

для друку для друку