У Мінску завяршыўся VI штогадовы турнір па мікра-футболе «Кубак Дона Боско»

Завяршыўся VI «Кубак Дона Боско» — хрысціянскія спаборніцтвы па мікра-футболе, якія штогадова праводзяцца ў салезіянскім араторыі пры парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Мінску.  У турніры ўдзельнічала 16 каманд, сярод якіх былі як прадстаўнікі каталіцкіх парафій, так і іншыя аматары футболу.

Асаблівасцю турніра было тое, што для  маладых спартоўцаў кожны дзень вызначаўся адказны салезіянскі аніматар, салезіянін супрацоўнік альбо святар. Перад гульнямі адказны прапаноўваў удзельнікам памаліцца і паразважаць на тэму адпаведнага дня, звязаную з футболам. Тэма кожнага дня падпарадкавана тэме турніру, у гэтым годзе яна гучала так: “Футбол — школа жыцця і любові” – гэтыя словы звязаны з Дэвізам Салезіянскай сям’і на 2017 год.

Спаборніцтвы, як і штогод, праходзілі ў два этапы.  Усяго за 21 дзень было згуляна 50 гульняў.

Святары таксама прымалі ўдзел у спаборніцтвах. Салезіяне выставілі сваю каманду, капітанам якой быў рэгіянальны настаяцель Рэлігійнай Каталіцкай Місіі “Таварыства св. Фрацішка Сальскага” на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, а на пляцоўцы яму дапамагалі сабраты і прэнавіцыі.  Месца ў варотах заняў ксёндз Францішак Рудзь. Гулялі таксама прадстаўнікі кармелітаў, міхалітаў і хрыстусоўцаў. На фінальных гульнях прысутнічаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Са шматлікіх гульняў турніру вялася прамая трансляцыя. Таксама заўзятарам прапаноўваліся і асобныя відэаагляды з кожнага гульнявога дня.

Ксёндз Боско заўсёды падкрэсліваў, што спорт з’яўляецца вельмі важным элементам у выхаванні маладых людзей. Маючы гэта на ўвазе, арганізатары турніру імкнуліся паказаць хлопцам, што праз захаванне правілаў гульні і правілаў араторыя, можна выхаваць у сабе моцную волю і раскрыць свае лепшыя якасці.

Пераможцамі VI «Кубка Дона Боско» стала каманда «Землякі». Мінулагодні чэмпіён «Вінегрэт» заняў 2-е месца, а 3-імі ў гэтым годзе сталі хлопцы з каманды «Мірыэль».

sdb.by

для друку для друку