У Мінску прывіталі новага дырэктара салезіянскай супольнасці

5iUFesTvo6U27 верасня падчас Імшы мінская парафія Св. Яна Хрысціцеля прывітала новага святара. Ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB перадаў паўнамоцтвы выконваючага абавязкі дырэктара мінскай супольнасці салезіянаў кс. Івану Огару SDB.

З гэтага моманту асноўным заданнем кс. Івана, згодна з Канстытуцыяй салезіянаў, стане натхненне «супольнасці, каб яна жыла ў вернасці Канстытуцыі і ўзрастала ў адзінстве».

Адпаведнае рашэнне аб перамене прыняў дэлегат салезіянаў у Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB і выказаў яго праз афіцыйны ліст, скіраваны да салезіянскай сям’і нашай краіны.

Напрыканцы супольнай малітвы салезіянская сям’я, якая служыць у мінскай парафіі, а таксама прысутныя вернікі сардэчна прывіталі кс. Івана, абяцаючы яму сваю падтрымку і выказваючы надзею на сумесную плённую працу дзеля збаўлення душаў.

Згодна з рашэннем дэлегата, кс. Павел Шчарбіцкі SDB будзе несці служэнне ў смаргонскай парафіі Св. Міхала Арханёла. Імша падзякі святару за плённае служэнне ў мінскай парафіі адбудзецца 30 верасня.

sdb.by

для друку для друку