У Мінску пройдзе «Ноч канфесіяналаў»

12 красавіка ў мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай (Каменная Горка, вул. Івянецкая, 15а) пройдзе «Ноч канфесіяналаў», якая распачнецца Імшою ў 18.00. Магчымасць скарыстаць з сакрамfнту споведзі будзе да 24.00.

«Ноч канфесіяналаў» праводзіцца ў Мінску ўжо ў шосты раз. Ініцыятар ідэі пробашч парафіі кс. Францішак Рудзь тлумачыць, што гэтая акцыя разлічана на тых, хто «па розных прычынах не паспеў паўдзельнічаць у велікапосных рэкалекцыях, паспавядацца».

У мінулым годзе, як адзначыў святар, такіх было даволі шмат — споведзь працягвалася каля пяці гадзін без перапынку.

Ідэя «адчыненых канфесіяналаў» нарадзілася ў 2007 г. у Чыкага. Тады з сакраманту пакаяння скарысталі 2500 чалавек. Паступова ініцыятыва вечаровай споведзі (т. зв. «Ноч канфесіяналаў») знайшла свой працяг і ў іншых краінах.

catholic.by

для друку для друку