У Мінску пройдзе фэст хрысціянскай музыкі «Бог жыве»

15 красавіка, у нядзелю, а 17-й гадзіне ў Мінску адбудзецца канцэрт пад назваю «Бог жыве». Фэст хрысціянскай музыкі, як называюць яго арганізатары, ладзіцца з нагоды святкавання Уваскрасення Хрыста і 3-годдзя Няспыннай малітвы за Беларусь.

У фэсце прымуць удзел музыкі розных хрысціянскіх канфесій, а менавіта: «РЫБЫ», «Зоркі забылі зьзяць», Зміцер Цярэнцьеў і Віктар Козел (гурт «Тэзаўрус»).

Для канцэрта арганізатары выбралі пляцоўку ў цэнтры горада — гатэль «Манастырскі» (вул. Кірыла і Мяфодзія, 6) — і спадзяюцца, што фэст хрысціянскай музыкі «Бог жыве» стане штогадовым святам для жыхароў і гасцей сталіцы.

«Назва фэсту «Бог жыве» падалася простай і глыбокай. Яна нясе надзвычай важнае пасланне для чалавека. Бог жыве ў нашай паўсядзённасці, жыве ў радасці і смутку, Ён хоча быць з намі побач ва ўсім, Ён чакае запрашэння ў нашае жыццё», — падкрэсліваюць арганізатары канцэрта.

Для перажывання супольнай радасці на фэст запрашаюцца людзі любога ўзросту і перакананняў, уваход на канцэрт вольны. У сацсетках Facebook і Укантакце можна далучыцца да сустрэчы і запрасіць на фэст сваіх сяброў і знаёмых. Усіх чакае канцэрт душэўнай і якаснай хрысціянскай музыкі.

ave-maria.by

для друку для друку