У Мінску прайшла публічная лекцыя пра беларускі лёс Бібліі

У суботні дзень 11 сакавіка, у час, найбольш прыдатны для шопінга, а не для слухання акадэмічнай лекцыі пра прыроду Бібліі, у галерэі TUT.BY процьма народу сабралася, каб слухаць каталіцкага святара-бібліста кс. Сяргея Сурыновіча, які служыць у парафіі ў Друі.

Лекцыя ўмоўна дзялілася на дзве часткі – у першай спікер распавёў пра крыніцы, якімі цягам стагоддзяў карысталіся перакладчыкі Бібліі, у другой – падрабязна спыніўся на паслядоўнасці і стваральніках беларускіх перакладаў Пісання, колькасці і імёны якіх для многіх застаюцца невядомай старонкай гісторыі.

Заместа запланаваных трох гадзінаў лекцыя цягнулася чатыры, – з невялікай паўзай на выступленне музыкаў, Вольгі Акуліч і Наталлі Нікіцінай, у сумесным рэпертуары якіх ёсць і песні на вершы кс. Сурыновіча. Прыйшлі паслухаць пра Біблію і святары.

Падводзячы вынікі лекцыі, Таццяна Бембель, спікер праекта “Лекторыум”, які стала працуе на тутбаеўскай пляцоўцы, падкрэсліла важнасць самога факту выхада чалавека ў сане на межканфесійную свецкую аўдыторыю з тэмай, актуальнай не толькі ў рэлігійным вымярэнні.

Працягам праекта, на думку Таццяны Бембель, можа стаць арганізацыя ў Друю, пра якую красамоўна распавёў кс. Сурыновіч, вандровак інтэлектуалаў, асабліва – у час “Скарынэру”, запланаванага на лета трэцяга друйскага мастацкага пленэра, які гэтым разам будзе прысвечаны асобе і часу Францішка Скарыны.

krynica.info

для друку для друку