У Мiнску прайшла першая салезіянская Аратарыяда

У мінскім салезіянскім араторыі пры парафіі святога Яна Хрысціцеля адбылася першая салезіянская Аратарыяда. Удзел у ёй прынялі каманды з араторыяў Мінска, Смаргоні і Бараўлянаў. Каманды складаліся з хлопцаў і дзяўчат, якiя навучаюцца ў 5-7-х класах.

Арганізатарамі спаборніцтваў выступiлi святары салезіяне і салезіяне супрацоўнікі пры дапамозе сясцёр салезіянак і аніматараў. Галоўнымі адказнымі за Аратарыяду былі ксёндз Алег Каралёў SDB і Аляксандр Манчак ASC. Таксама на спартыўным свяце прысутнічаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які і распачаў мерапрыемства з супольнай малітвы.

Падлеткi паказвалi свае здольнасцi ў настольным тэнісе, настольным футболе, дартсе, шашках, настольнай гульні “Каркасон”, інтэлектуальным конкурсе, спартландыі, рухомай гульні “Два капітана”. Галоўнай мэтай спаборнiцтваў было не толькі перамагчы ў асабістым заліку, але і дапамагчы сваёй камандзе атрымаць выніковую перамогу ў Аратарыядзе, бо ўсе балы падлічваліся ў выніковую табліцу. Каманду араторыя, якая зойме першае масца, чакаў галоўны прыз – кубак!

Спартыўныя баталіі прынеслі ўдзельнікам неверагодныя эмоцыі: радасць перамогі, слёзы і расчараванне паражэння, захапленне і падтрымку сяброў, асалоду ад новых знаёмстаў.

У выніковай табліцы каманда араторыя імя святога Яна Боска з Мінска набрала больш ачкоў. Такім чынам, падлеткi з мiнскага араторыя сталi першымi ўладальнікамi запаветнага трафея – пераходзячака кубка. На другой прыступцы апынулася каманда араторыя імя святога Яна Боска са Смаргоні, а трэцімi сталi ўдзельнiкi араторыя імя святога Дамініка Савіо з Бараўлянаў.

Віншуем пераможцаў, а таксама жадаем усiм удзельнiкам не ўпадаць у роспач і рыхтаваць сілы на наступную Аратарыяду.

На прыканцы Аратарыяды да сабраных звярнуўся ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Святар падзякаваў усім прысутным за ўдзел у Аратарыядзе і за яе арганізацыю, а таксама выказаў надзею, што дадзенымi спаборнiцтвамi была закладзена прыгожая традыцыя і Аратарыяда стане штогадовай падзеяй.

sdb.by

для друку для друку