У Мінску прайшла фармацыйная сустрэча салезіянскіх аніматараў Беларусі

animatarФармацыйная сустрэча салезіянскіх аніматараў Беларусі адбылася ў Мінску 7-8 лістапада 2015 г. Гасцінна прыняў маладых людзей араторый імя св. Яна Боска. Адказныя за фармацыю аніматараў і працу араторыяў святары і сёстры дапамаглі ўдзельнікам паглыбіць разуменне салезіянскай духоўнасці і ўзрасці ў аніматарскім пакліканні.

Абавязковымі пунктамі фармацыйнай сустрэчы былі некалькі канферэнцый на адпаведныя тэмы, праца па групах і майстар-класы, вясёлыя моманты. Але фундаментам і кульмінацыяй такіх сустрэч заўсёды з’яўляецца сустрэча з Панам у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту на завяршэнне першага дня і ў святой Імшы, якая завяршае ўсю сустрэчу.

У канферэнцыі, прысвечанай салезіянскай духоўнасці, кс. Павел Шчарбіцкі SDB растлумачыў “як праз мяч прыйсці да святасці”. Чаму адны, гуляючы ў мяч, могуць стаць святымі, а другія не?

Як аказалася, стаць святымі з мячом нескладана, трэба толькі заўважаць простыя рэчы, праз якія мы і можам прыйсці да мэты. Важна гуляць у мяч з чыстым сумленнем, пры гэтым дапамагаць іншаму ў гэтай гульні, быць уважлівымі да ўсіх удзельнікаў каманды… Святасць заключаецца ў дробязях, добрасумленным выкананні штодзённых абавязкаў, ахвярнасці, радасці, якая паходзіць ад чыстага сумлення і лучнасці з Панам, у служэнні іншаму. Гуляць у мяч і быць святым магчыма.

Дэвіз Салезіянскай сям’і – пасланне да сваіх сыноў і дачок генеральнага настаяцеля кс. Анхеля Фернандэса Арцімэ SDB на гэты год – аніматары разабралі з дапамогай кс. Станіслава Краўчынкі SDB.

А настаяцельніца візітаторыі EEG c. Габрыэля Родэ FMA, якая ў гэтыя дні наведвае супольнасць сясцёр салезіянак у Мінску, была госцем сутрэчы і па традыцыі “слоўка на дабранач” таксама пакінула для разважання некалькі думак.

Кс. Іван Огар SDB падрыхтаваў для ўдзельнікаў разважанні на тэму “Я – Аніматар!”. Часткай канферэнцыі было сведчанне аб аніматарстве салезіянкі-супрацоўніцы Вольгі Красільшчыкавай.

Далей, падчас працы па групах аніматары адказвалі на пытанні: хто такі аніматар і як будаваць супрацоўніцтва ў аніматарскай групе. Кожная група прадставіла свае адказы на гэтыя пытанні, а таксама на сама галоўнае – чаго чакае Бог ад салезіянскіх аніматараў? Адказ быў адзін: стаць святымі і прывесці іншых да святасці.

Таксама важна адзначыць, што аніматар – гэта пакліканне. Бог кліча да супрацоўніцтва з Ім, і ў гэтых адносінах Ён з’яўляецца вядучым, “галоўным героем”. Задача пакліканага адкрыцца і дазволіць дзейнічаць Богу ў сабе. Вынікам такога падпарадкавання чалавека Богу будзе супакой, бо адказнасць за дзеянні возьме на сябе Той, Хто дзейнічае – Бог.

На другі дзень сустэчы для аніматараў прайшоў майстар-клас, які правялі салезіянка-супрацоўніца Ірына Петрусевіч і дызайнер Сяргей Юхновіч. Яны падзяліліся сваім вопытам напісання артыкулаў і дызайну аб’явак на свята. Гэтыя навыкі аніматары змогуць выкарыстаць на практыцы.

farmacujnaj systrecha

Падчас кульмінацыйнага моманту – на святой Імшы – кожны з удзельнікаў меў магчымасць даверыць Богу атрыманыя веды і новы вопыт. Дарэчы, аб даверы Богу і ўменні супрацоўнічаць з Ім, асабліва калі мы з’яўляемся беднымі, гаварыў у казанні кс. Павел Шчарбіцкі SDB.

Святар падкрэсліў вернікам, асабліва аніматарам, важнасць даверу Богу, а таксама, што нам трэба не баяцца аддаваць Богу ўсё, што маем, нават калі гэтае “ўсё” – толькі жменя мукі, альбо дзве лепты. Аддаючы апошняе Богу, атрымліваем ад Яго тыя ж дары памножаныя ў разы.

Завяршылася фармыцыйная сустрэча сумесным фотаздымкам і вельмі смачным абедам. А ўдзельнікі паехалі дадому ажыццяўляць тое, чаму навучыліся.

sdb.by

для друку для друку