У Мінску асвяцілі крыж і зямлю пад будаўніцтва новага касцёла

21У мінскім мікрараёне “Уручча” 17 чэрвеня дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі ўзначаліў урачыстую літургію, падчас якой адбылося асвячэнне зямлі і крыжа пад будаўніцтва новага касцёла.

На асвячэнні былі прысутныя шматлікія святары і кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі ўлады, парафіяне з Уручча і іншыя вернікі Мінска.

Біскуп Юрый Касабуцкі выказаў вялікую радаць, што чарговая святыня будзе будавацца ў Мінску. Іерарх, звяртаючыся да вернікаў, адзначыў: «Касцёлаў у Мінску было шмат, усе яны знаходзіліся ў цэнтры, але на сённяшні дзень іх захавалася мала. Быў час разбурэння святынь… Але часы змяняюцца. І сёння касцёлы ўзводзяцца для таго, каб несці людзям Бога і маральныя каштоўнасці, на якіх будуецца хрысціянства».

Майстар Вячаслаў Лышчык, якія зрабіў драўляны крыж для парафіі  ва Уруччы расказаў «Каталіцкаму Весніку»:  «З пробашчам а. Станіславам Вашкевічам мы разам вучыліся ў школе. Я ніколі не думаў, што буду рабіць такія рэлігійныя рэчы. Ад такой працы атрымліваю асалоду. Акрамя гэтага крыжа ёсць і ншыя. Першы крыж я зрабіў, калі яшчэ вучыўся. Яго падарыў маці. На скрыжаванні дарог на Гродзеншчыне стаіць  таксама крыж, які мяне папрасіла зрабіць мая бабуля. У касцёле на Ангарскай у Мінску рабіў таксама спавядніцу. Такая праца для мяне вельмі прыемная».

Пасля літургіі адбыўся святочны пачастунак, які падрыхтавалі для гасцей парафіяне.

Ірына Грэйць, тэкст і фота

для друку для друку