У Мінску адкрылася выстава прац маладых людзей з асаблівасцямі развіцця

16 мая 2016 года ў Доме Кіно ў Мінску адбылося адкрыццё выставы “Мой свет у фарбах”. Творы, якія там можна ўбачыць – гэта работы маладых людзей з асаблівасцямі развіцця і іх сем’яў.

Аўтары карцін займаюцца на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў дзяржаўнай установы “Крупскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”. Ствараючы жывапісныя работы, маладыя людзі з асаблівасцямі развіцця раскрываюць свой унутраны свет і сваё бачанне рэальнасці, выказваюць сваё стаўленне да яе і навакольных людзей.

Як паведамляе caritas-minsk.by, мэтай выставы з’яўляецца візуальны дыялог маладых інвалідаў з грамадствам, атрыманне шырокага водгука творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі, адлюстраванне людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі сваіх пачуццяў і эмоцый з дапамогай малюнка, а таксама падтрыманне талентаў такіх людзей.

Асноўнымі ўдзельнікамі гэтага праекта сталі Зуеў Сяргей (інвалід 2 групы), Чарняўская Кацярына (інвалід 3 групы), Швед Надзея (інвалід 2 групы), а таксама бацькі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў – Ждановіч Наталля і Палоннік Галіна.

Сюжэт прадстаўленых працаў не быў акрэслены – праходзіла толькі ўступная гутарка пра адчуванне і настрой. Праца пачыналася з запаўнення фону, затым удзельнікі шукалі асацыяцыі, якія ўзніклі, гледзячы на атрыманы фон. Так у выніку нараджалася карціна.

Выстава “Мой свет у фарбах”, стала магчымай дзякуючы Дзяржаўнай установе “Крупскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Рэспубліцы Беларусь, Мальтыйскай службе сацыяльнай дапамогі з Германіі, а таксама філіялу «Кінавідэапраката» Дом кіно.

Выстава праходзіць на другім паверсе кінатэатра. За прадстаўленае памяшканне “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выказвае вялікую падзяку дырэктару філіяла УП «Кінавідэапракат» Дом кіно Сяргею Федасеевічу Хрусталёву і галоўнаму рэжысёру Багдану Аляксандру Барысавічу.

Наведаць выставу «Мой свет у фарбах» можна з 16 мая па 15 чэрвеня ў выставачнай зале Дома Кіно (г. Мінск, вул. Талбухіна, 18) з 10.00 да 22.00.

для друку для друку