У Мінскім тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля ўведзена новая спецыяльнасць

kaledzЗ наступнага навучальнага года ў Мінскім тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля будзе ўведзена новая спецыяльнасць – кантар.

У навучальнай установе Каталіцкага Касцёла Беларусі будуць рыхтаваць кваліфікаваных спецыялістаў па касцёльным спеве. Пашырэнне спісу спецыяльнасцяў выклікана іх запатрабаванасцю, адзначыў ксёндз-доктар Ян Крэміс, дырэктар Мінскага тэалагічнага каледжа.

Акрамя таго, упершыню ў студэнтаў будзе магчымасць выбару так званага “профілю” і падзелу на групы ў сувязі з мэтамі, якія яны ставяць для сябе пасля заканчэння вучобы, удакладніў святар.

“Вядома, што ёсць розныя парафіі – вялікія і меншыя. І спецыялісты па касцёльным спеве будуць дапамагаць арганізоўваць літургічнае жыццё ў момантах спеваў, якія з’яўляюцца важнай часткай літургіі.

Вядома, ёсць другая, асноўная спецыяльнасць – катэхет, яна існавала і раней. А трэцяе, будзе группа для тых, хто вырашыў вучыцца для сябе і не мае намеру працаваць.

Плануем, што на 3-м курсе студэнты фактычна змогуць выбраць: вучыцца для сябе, атрымаць спецыяльнасць катэхета або кантара”, — паведаміў аб планах у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кіраўнік навучальнай установы.

У будучым пашырэнне спісу спецыяльнасцяў будзе працягнута, гэта не раз абмяркоўвалася і ў сценах каледжу, і з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Але гэта будзе зусім новая гісторыя, пакуль жа каледж перагарнуў сваю чарговую старонку: на мінулым тыдні 12 чалавек атрымалі дыпломы.

Выпускны курс атрымаўся “жаночым”, тым не менш, яго параўналі з апостальскім і пажадалі, як 12 вучняў Езуса Хрыста, несці слова Божае ў свет. А сапраўды, выходзяць з каледжа студэнты зусім іншымі людзьмі, упэўнены яго дырэктар: “Заўважальныя змены ў жыцці некаторых студэнтаў.

Тут за 3 гады яны атрымліваюць не толькі веды, але і адбываецца фармацыя: студэнты сустракаюцца паміж сабой, сустракаюцца з святарамі і гэта таксама частка выхаваўчага працэса”.

Таццяна Якушэўская з Барысава стаць часткай выхаваўчага працэсу не пасаромелася і на пятым дзесятку свайго жыцця. І справа, прызналася парафіянка касцёла Святога Духа, не у тым, што вучыцца ніколі не позна, а у тым, што шляхі да Бога бываюць рознымі, у тым ліку праз веды, і шукаць іх можна ў любым узросце.

Трэба сказаць, што самая сталая студэнтка 3 курса стала і лепшай выпускніцай 2015 года, скончыўшы каледж з сярэднім балам 4,98 па 5-бальнай сістэме адзнак.

“Я лічу, што любові ўсе ўзросты пакорны, а тым больш любві Хрыста. Я ведаю, што на іншых курсах таксама ёсць слухачы ва ўзросце. Мы кожны ў сваёй так бы мовіць катэгорыі – моладзь ці больш сталае пакаленне – нясем гэтыя веды, нясем Любоў і сведчанне. Акрамя таго, мяне ўжо прасілі замяніць катэхета ў парафіі. Я лічу, што пасля каледжу ў мяне будзе нейкае служэнне”, — паведаміла Таццяна Якушэўская.

Мінскі тэалагічны каледж – установа ўнікальная. Заснаваны ў 2013 г., ён аб’яднаў людзей розных статусаў, прафесій, узростаў – на першы курс прымаюць ад 18 да 55 гадоў. 3 гады, 2 разы ў месяц і дзесяткі прадметаў – у галіне тэалогіі, філасофіі, біблістыкі, літургіі, гісторыі, касцёльнага права, дабрачыннасці, сямейнага жыцця, сродкаў масавай камунікацыі – і гэта не поўны спіс. Так званая адукацыйная падушка для адной з галоўных задач хрысціяніна – быць сведкам Хрыста. І гэту задачу, упэўнены дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касубуцкі, навучальная ўстанова выконвае.

“Я лічу, што на сённяшні дзень форма навучання сябе апраўдвае. Каледж працуе ў першую чаргу на якасць, на якасць выкладання, мы не гонімся за колькасцю. Кожны год ёсць пэўная колькасць выпускнікоў, і гэты працэс ідзе. Мы не кажам, што ўсе абавязкова павінны скончыць каледж, але тыя, хто скончыў абавязкова будуць выконваць нейкую місію ў Касцёле. Чым больш мы ведаем, тым больш свядомай будзе наша вера, бліжей мы будзем да Бога. Таму я лічу, што кожны чалавек, які атрымаў тут адукацыю, зможа зрабіць вельмі шмат”, — падзяліўся думкамі беларускі іерарх.

Трэці раз у Мінскім тэалагічным каледжы ўручылі дыпломы выпускнікам. Адшукаўшы свой шлях да Бога, яны будуць дапамагаць у гэтым і іншым. Пакуль жа ў тут, як у любой навучальнай установе – летнія канікулы. Праляцяць яны, вядома, хутка. Ужо 5 верасня ў Мінскім тэалагічным каледжы пачнецца новы навучальны год.

Ларыса Абрамчук, Ватыканскае Радыё

для друку для друку