У мінскім музеі прадставяць сапраўдную 500-гадовую Біблію Скарыны

7 верасня а 17-й гадзіне ў рамках мерапрыемстваў Дзён беларускага пісьменства ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы генеральнага партнёра кампаніі «Japan Tabacco International у Рэспубліцы Беларусь» і пры ўдзеле ААТ «Прыорбанк» адкрываецца выстаўка «Беларусь: адраджэнне духоўнасці».

Духоўнае адраджэнне – неабходны працэс развіцця і ўмацавання незалежнасці краіны, а духоўныя каштоўнасці маюць выключнае значэнне для вызначэння ідэалогіі дзяржавы. У Беларусі на працягу ўсёй яе гісторыі духоўныя каштоўнасці фарміраваліся пры ўзаемадзеянні і ўзаемаўплыве рэлігіі і свецкай культуры, таму адна з задач выставачнага праекту – паказаць шляхі фарміравання духоўных прынцыпаў жыцця беларусаў у розныя часы праз народныя традыцыі, рэлігію, мастацтва. Наступная задача – адлюстраваць станоўчыя працэсы адраджэння духоўнасці ў нашыя дні: рост цікаўнасці беларусаў да сваёй гісторыка-культурнай спадчыны, стварэнне дзяржавай належных умоў для развіцця культуры, функцыянавання рэлігій. Нарэшце, выстаўка засведчыць дасягненні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, іншых музеяў краіны ў справе захавання, вывучэння і прэзентацыі помнікаў гісторыі і культуры. Не выпадкова таму поруч з Нацыянальным гістарычным музеем у праекце прымаюць удзел Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Музей Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Музей старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Статус міжнароднай выстаўка набывае дзякуючы ўдзелу ў ёй Дзяржаўнага гістарычнага музея г.Масквы, які прэзентуе ўнікальны помнік кнігавыдавецкай справы – пражскае выданне Бібліі Скарыны 1517 г. Гэта кніга, на жаль, адсутнічае ў Беларусі. Расійскія калегі не толькі далі дазвол на экспанаванне рарытэту, але і адсканавалі яго асобныя старонкі, каб наведвальнікі мелі магчымасць «пагартаць» Біблію з дапамогай сучасных лічбавых тэхналогій.

Выстаўка знаёміць з гісторыяй узнікнення і функцыянавання рэлігій на тэрыторыі Беларусі. Адкрывае экспазіцыю раздзел, прысвечаны язычніцтву – традыцыйнай рэлігіі старажытных плямёнаў на тэрыторыі краіны. Самы вялікі раздзел экспазіцыі пазнаёміць з асноўнымі рэлігіямі – праваслаўем, каталіцызмам, іудаізмам, ісламам, якія мірна суіснуюць у Беларусі. Для гэтага выкарыстаны калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея і іншых музеяў, а таксама прыватных збораў: калекцыі археалогіі, абразоў, жывапісу, нацыянальнага касцюма, рукапісаў і старадрукаў, каштоўных металаў і інш. Усяго ў экспазіцыю ўвойдуць звыш 400 помнікаў гісторыі і культуры, шмат якія з іх будуць экспанавацца ўпершыню: пячатка Еўфрасінні Полацкай 12 ст., сценапіс Праабражэнскай царквы Спасаўскага манастыра ў Полацку 19 ст., унікальная калекцыя срэбных кідушных бакалаў, алтарны каталіцкі жывапіс і інш.

У выстаўцы таксама бярэ ўдзел Свята-Елісавецінскі манастыр, які пакажа сучасныя ўзоры іярэйскага аблачэння, абразы, плашчаніцы. Заключны раздзел прысвечаны кніжнай культуры і дзейнасці беларускага асветніка-гуманіста Францыска Скарыны.

Па задуме арганізатараў, выстаўку будзе суправаджаць шэраг інтэрактыўных элементаў, у прыватнасці, друкарскі станок, з дапамогай якога кожны зможа вырабіць копію гравюры Скарыны.

Намеснік генеральнага мэнэджэра JTI у Беларусі Генадзь Бруснікаў адзначыў: «Садзейнічанне захаванню гісторыка-культурнай спадчыны з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці нашай кампаніі ў сацыяльна-культурнай сферы. Для нас асабліва важна, што падтрымка JTI дазволіць беларусам убачыць і пазнаёміцца з арыгіналам такога рарытэту, як пражская Біблія Скарыны, значэнне якой для далучэння Беларусі да агульнасусветнай інтэлектуальнай традыцыі цяжка пераацаніць».

krynica.info

для друку для друку