У Мінску працуе выстава 19-гадовага мастака Ягора Арлова

Першая персанальная выстаўка графікі Ягора Арлова «Цыклон» праходзіць ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы.

Выстаўка будзе працаваць да 25 мая.

Куратар выстаўкі — мастак Надзея Бука. На экспазіцыі прадстаўлены працы за 2017-2018 гг., выкананыя любімымі матэрыяламі аўтара — каляровымі алоўкамі.

Назву выстаўкі мастак абраў не выпадкова: асноўны сюжэт яго графічных карцін — неба. Аўтар выяўляе яго ва ўсёй палітры — ці гэта амаль чорная бура, ружовы захад сонца або гульня кантрастаў у перадсвітальны час.

Аўтар тонка заўважае нюансы і ва ўласцівай яму манеры адлюстроўвае ўбачанае на паперы па памяці. Ягор любіць назіраць за аблокамі, у іх ён бачыць не фігуры, а багатую фактуру і характар.

Працы Ягора напоўнены паветрам, на іх бачна тое, што часта мы проста не заўважаем — магчыма, таму што часцей глядзім сабе пад ногі, а не на неба.

catholic.by

для друку для друку