У мінскім араторыі імя святога Яна Боска прайшоў карнавал для дзяцей

11 лютага ў мінскім араторыі імя святога Яна Боска пры парафіі святога Яна Хрысціцеля адбыўся карнавал для дзяцей і бацькой пад назвай “У краіне казачных герояў”.

Святочная праграма распачалася святой Імшой, падчас якой кс. Павел Шчарбіцкі SDB падкрэсліў, што чалавек павінен быць адчувальным да праказы сучаснага свету, ісці за дабром і адкінуць зло, якое паралізуе сэрцы і сем’і. Чалавек павінен быць асцярожным у адносінах да кожнага граху, які атручвае яго жыццё. Кожны з нас павінен не баяцца прасіць Езуса вылечыць і ачысціць нашыя сэрцы ад праказы зла.

Працяг свята адбыўся ў араторыі, дзе дзяцей і бацькоў чакалі казачныя героі. Каб увайсці на свята, трэба было мець казачны касцюм ці маску. Героі праз вясёлую забаўляльную праграму стваралі добры настрой для ўсіх прысутных. Незвычайным момантам для ўдзельнікаў свята стала разбіванне піньяты.

Падчас слоўка на добрую ноч праз відэаролік было падкрэслена, што мы ўсе розныя, але маем сваё заданне, асабліва гэтае задане заключаецца ў тым, каб быць добрым сябрам адзін для другога.

Таксама напрыканцы свята с.Валянціна Кот FMA падзякавала ўсім, хто прычініўся да яго арганізацыі, асабліва падкрэсліўшы ўдзельнікаў групы “Адкрытыя сэрцы”, аніматараў і матуль.

sdb.by

для друку для друку