- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

У Мінск прыбыў Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч

[1]У нядзелю 11 кастрычніка ў Мінск прыбыў Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

У міжнародным аэрапорце беларускай сталіцы афіцыйнага прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне сустрэлі супрацоўнікі Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь, прадстаўнікі мясцовага Касцёла і дзяржаўных уладаў.

Ад імя мясцовага каталіцкага епіскапату Апостальскага Нунцыя Антэ Ёзіча на беларускай зямлі прывітаў Генеральны сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп Юзаф Станеўскі.

Разам з ім прадастаўніка Папы сустракалі сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь кс. Махэр Шаммас, старшыня Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, а таксама супрацоўнік службы дзяржаўнага пратаколу Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

[2]

З аэрапорту Апостальскі Нунцый Антэ Ёзіч скіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Мінску, якая з’яўляецца дыпламатычнай місіяй Святога Пасаду ў Беларусі і рэзідэнцыяй прадстаўніка Папы ў нашай краіне.

21 мая Папа Францішак прызначыў новым Апостальскім Нунцыем у Беларусі арцыбіскупа-наміната Антэ Ёзіча.

16 верасня Антэ Ёзіч, тытулярны біскуп Цысы, прызначаны Апостальскім Нунцыем у Рэспубліцы Беларусь, прыняў біскупскае пасвячэнне ў нядаўна пабудаваным касцёле Святой Сям’і санктуарыя Маці Божай Астраўной у Соліне (Харватыя).

Сакрамэнт пасвячэння ў ступені епіскапату Антэ Ёзічу ўдзяліў Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін. Галоўным супасвячаючым быў арцыбіскуп Марын Барышыч, пастыр Спліт-Макарскай архідыяцэзіі, з якой паходзіць Антэ Ёзіч.

Catholic.by [3]
Фота: Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь