У Магілёве прайшоў ІІІ Ружанцовы кангрэс (+аўдыё дакладаў)

5 кастрычніка 2019 года ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Св. Станіслава ў Магілёве адбыўся трэці Ружанцовы кангрэс. Яго мэта – духоўная і інтэлектуальная фармацыя асоб, якія горача моляцца на ружанцы. Сёлетняя сустрэча прайшла пад дэвізам: «Маліцеся, «калі маеце час, увесь Ружанец штодзённа — і ў гадзіну сваёй смерці вы будзеце благаслаўляць той дзень і тую хвіліну, калі мне паверылі». [Св. Людовік Грыньён дэ Манфор; Трактат, 254].

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч шчыра прывітаў прыбыўшых на мерапрыемства з розных куткоў Беларусі.

Першым з дакладам «Паўната малітвы» (а. Яцэк Варанецкі ОР) выступіў айцец Браніслаў Дашкевіч OP.

Пасля прагучаў даклад сястры Юліі Бугай OP «Каментарый св. Тамаша Аквінскага да Божых запаведзяў».

Як пракаментаваў даклад Мітрапаліт Кандрусевіч, манахіня «простай мовай “угрызла” навуку св. Тамаша, што не так лёгка». Божыя запаведзі – гэта шлях да нашага збаўлення. Як св. Тамаш казаў, каб “збавіцца – трэба верыць, жадаць і чыніць  згодна з верай і жаданнем”. Калі мы будзе верыць і жадаць, але нічога не рабіць, то нічога з гэтага не будзе.

Потым адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманта і малітва ружанцовая з бл. Фра Анджэліко.

Пасля абеду да сабраных звярнуўся айцец Марыюш Возьняк OP з дакладам «Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Панны Марыі» (св. Людовік Грыньён дэ Манфор).

Святар шмат увагі прысвяціў асобе св. Людовіка, чалавека, які жыў у часы, калі толькі адкрываліся семінарыі, калі Касцёл перажываў шмат цяжкасцяў. У гэты час ён звярнуў увагу на набажэнствы да Найсвяцейшай Панны Марыі. Кожны святы з’яўляецца чалавекам свайго часу, але адначасова ён вышэй гэтага часу. Св. Людовік мог жыць філасофіяй натоўпу, так як усе жылі, але супрацьстаяў і плыў супраць цячэння. Сёння яго маем як святога, які асаблівым чынам сам меў Набажэнствы да Панны Марыі і апрацаваў шлях пашаны НПМ для іншых.

Апошнім свой даклад прадставіў айцец Марк Урбаноўскі OP “Евангельскія сюжэты ў карцінах бл. Фра Джованні Анджэліка — дапамога ў ружанцовых разважаннях”.

Гэтым разам з усімі дакладамі былі прэзентацыі кніг, якія айцы дамінікане падрыхтавалі ў падарунак усім удзельнікам.

Кульмінацыйным момантам трэцяга Ружанцовага кангрэсу стала святая Імша, якую цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку