У Лынтупах адбыўся карнавал для дзяцей

9 студзеня ў парафіяльным араторыі ў Лынтупах адбылася святочная сустрэча для ўсіх дзяцей парафіі. 80 дзетак з Лынтуп і Палесся, сярод якіх былі і католікі, і праваслаўныя, сабраліся разам, каб праслаўляць Бога ў таямніцы Нараджэння Хрыста.

Сустрэча пачалася з чытання ўрыўка з Евангелля паводле Лукі аб нараджэнні Пана Езуса, які зачытаў ксёндз Аляксандр Баран, і дзялення аплаткам.

Такая сустрэча стала ўнікальнай магчымасцю для выказвання дзецьмі слоў падзякі Альжбеце Хмылка за яе 10-гадовае пасвячэнне і адданасць служэнню ў парафіяльным “Карытас” і дапамогу ў працы араторыя.

Дзеці з удзячнасцю звярнуліся да Ганны Руткоўскай, якая прыняла на сябе адказнасць за кіраўніцтва працай “Карытас”.

Другая частка сустрэчы прайшла ў танцавальным рытме. Як і належыць карнавалу, дзеці прыйшлі ў касцюмах і ўдзельнічалі ў шматлікіх конкурсах у суправаджэнні музыкі.

Дзякуем дыяцэзіяльнаму “Карытас” і ўсім спонсарам за фінансавую дапамогу ў арганізацыі святочнай сустрэчы, за багата накрыты стол, прызы і падарункі.

Таксама дзякуем валанцёрам, мамам, моладзі з Апостальскай групы і с. Люцыне за арганізацыю такой выдатнай сустрэчы.  Няхай добры Бог благаславіць усіх людзей добрай волі.

Вольгa Мітуневіч, тэкст

для друку для друку