У Лучайскай парафіі святкавалі Андрэйкі

XLRHUQRIFco21 лістапада ў аг. Навасёлкі (Лучайская парафія) святкавалі «Андрэйкі». Свята атрымала сваю назву ад імя святога Апостала Андрэя. Традыцыйна адзначаецца напярэдадні Адвэнту, перыяду ў літургічным годзе Касцёла, які папярэднічае Божаму Нараджэнню. 

Дзякуючы падрыхтаванаму анансаванню ў інтэрнэт-прасторы, паўдзельнічаць ў свяце змагла моладзь з Варапаева, Дунілавіч, Наваполацка, Шаркаўшчыны і Пастаў.

Навасёлкаўская капліца Божай Міласэрнасці, вельмі ўтульная, упрыгожаная дэкарацыямі «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць» сустрэла гасцей свята. Так атрымалася, што размешчана яна пад адным дахам з цэнтрам культуры, які цесна супрацоўнічае з парафіяй. Хоць «Андрэйкі» маюць вясёлы і забаўляльны характар, але ў гэты дзень нельга забываць і пра духоўны аспект свята. Распачалося яно з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Вельмі дарэчы была прысутнасць гурта «Laudans» (назва азначае «праслаўленне Пана»), які супольна з прысутнымі адараваў, спяваючы.

Добра падрыхтаваўшы свае сэрцы падчас адарацыйнай малітвы, вернікі прынялі ўдзел у святой Імшы. Запрошаны святар з Варапаева Юрый Вільк падчас казання, прыводзячы жыццёвыя прыклады, разважаў над тым, што кожны чалавек шукае Бога.

Вядома, што «Андрэйкі» – дзень радасці, весялосці і забаў. Таму наступнай часткай мерапрыемства стала канцэртная праграма, падрыхтаваная самымі лепшымі сябрамі-артыстамі Лучайскай парафіі. Сапраўднае сузор’е выканаўцаў прыбыло раздзяліць радасць гэтага дня. Гурт «Laudans», акрамя ўпрыгожвання сваімі спевамі літургічнай часткі, выканаў некалькі сваіх твораў на канцэрце. Падчас выступу «залатога акардэону Беларусі»-Дзмітрыя Корсака, адбылася сапраўдная імправізацыя. Ужо пад першыя аккорды кампазіцыі «Hej, sokoly!» не ўсядзеў на месцы ксёндз Юрый Вільк. Святар пад акампанемент віртуоза-акардэаніста заспяваў гэтую песню. Тут жа падхапіла ідэю сястра Магдалена з Наваполацка. Трыо атрымалася — аб гэтым сведчылі несамавітыя авацыі.

Адметнасцю канцэртнай праграмы стала прэзентацыя новага альбома гурта «Рэха». Андрусь Такінданг, даўшы назву па аднайменнай песні з альбома «Перайначыць», выказаў надзею, што «мастацтва можа перайначыць варажнечу на мір, нянавісць на прыязнасць. Перайначыць найперш сябе, а затым падзяліцца радасцю, смуткам, спевам з усімі.» «Рэхаўцы» з’яўляюцца ўжо сапраўднымі «старажыламі» Лучайскіх святаў і пастаяннымі ўдзельнікамі з 2012 года. Напэўна, так як любяць і прымаюць Андруся і яго гурт, не прымаюць нікога. Шчыры, сціплы Андрусь не раз зазначаў, што заўсёды едзе ў Лучай, як да сябе дамоў.

Скончылася свята супольным выкананнем усіх прысутных пад акампанемент Андрэя Лугіна песні-малітвы «Малюся за цябе, Беларусь!». Ксёндз-пробашч паблаславіў удзельнікаў імпрэзы на шчаслівае вяртанне дахаты і запрасіў да удзелу у «Мікалайках», якія адбудуцца ў Лучаі 6 снежня. 

Сустрэча «Андрэйкі» планавалася ў першую чаргу для моладзі, але людзі рознага ўзросту, якія былі на свяце, здаецца памаладзелі, праводзячы час з малітвай, радасцю, весялосцю побач з маладымі людзьмі, якія з’яўляюцца будучыняй Касцёла.

Алена Клімза-Колтан, тэкст (паводле luchai.by)

Карына і Марыя Радзюш, фота

для друку для друку