У Лучаі адзначылі ўрачыстасць святога Апостала Юды Тадэвуша (+відэа)

Урачыстая Імша з гэтай нагоды адбылася ў суботу, 28 кастрычніка.

Яе адметнасцю стала тое, што ўзначаліў святочную Літургію новапрэзбітар ксёндз Алег Хмылко, які прыняў святарскае пасвячэнне тры тыдні таму, 7 кастрычніка.

Богаслужэнне распачалося а 12 гадзіне з урачыстага ўваходу святароў і міністрантаў у храм. Напачатку Імшы пробашч парафіі ксёндз Яўген Міхайлаў прывітаў усіх святароў і вернікаў, якія сабраліся на гэту ўрачыстасць. У Лучай прыбылі святары: Віталь Галец з Ушачаў, Ежы Вільк з Варапаева, Аляксандр Баран з Лынтупаў, Алег Півавар з Ваўкалаты, Яцэк Хутман з Камаяў, Вадзім Прасяной з Паставаў, Павел Самсонаў з Дунілавіч, які з’яўляецца дэканам Пастаўскага дэканату. Словы ўдзячнасці пробашч скіраваў таксама да новапрэзбітара Алега Хмылко, якога і папрасіў узначаліць гэту святую Імшу.

Богаслужэнне сваім спевам і ігрой на аргане ўпрыгожыла сястра францішканка Таццяна Данч, якая служыць у Варапаеве.

Сваё слова да вернікаў ксёндз Алег распачаў з кароткай інфармацыі пра Апостала Юду Тадэвуша. Пра гэтага святога не так шмат напісана, вядома, што ён быў сваяком Езуса, і пасля яго смерці на крыжы абвяшчаў Евангелле ў Палестыне, Сірыі, Месапатаміі. За гэта і атрымаў мучаніцкую смерць.

Гэты святы лічыцца апекуном спраў безнадзейных, да яго моляцца тыя людзі, якія па розных прычынах трапілі ў адчайнае становішча.

Святар звярнуў таксама ўвагу на важнасць малітвы ў нашым жыцці. Менавіта з малітвы трэба пачынаць кожную новую справу, кожны этап у сваім жыцці. Ён нагадаў, што выбар дванаццаці вучняў Езус таксама зрабіў пасля малітвы, пасля сваёй размовы з нябесным Айцом.

Таксама ксёндз Алег закрануў тэму пакліканняў. Ён звярнуў увагу, што пакліканне трэба разглядаць у больш шырокім сэнсе, не толькі як пакліканне да святарскага ці манаскага жыцця. Мы ўсе да нечага ў гэтым жыцці пакліканыя: да сямейнага жыцця, да розных прафесій. Галоўнае, абвяшчаць у гэтым свеце Слова Божае і не загубіць у сабе гэта пакліканне.

Таксама святар засяродзіў увагу на эгаізме сучаснага свету, калі чалавек думае толькі пра сябе, пра свае матэрыяльныя патрэбы і задавальненні. Таму зараз і менш стала пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця. І нельга ў гэтым абвінавачваць толькі святароў ці біскупаў. Бо мы ўсе ў гэтым вінаватыя. Часта замест таго, каб дапамагчы чалавеку распазнаць яго пакліканне, мы гэта пакліканне стараемся загубіць, кажучы: “А навошта табе гэта?”

Таму не трэба пасіўна плыць па цячэнню жыцця, трэба быць дастойным свайго паклікання. Тады людзі не будуць гінуць у безнадзейных справах, а святы Юда Тадэвуш дапаможа адшукаць выйсце з любых сітуацый, якімі б цяжкімі яны не здаваліся.

Напрыканцы Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, вернікі разам са святарамі памаліліся Літаніяй да святога Юды Тадэвуша. Потым адбылася працэсія вакол касцёла, пасля якой ксёндз Алег Хмылко блаславіў усіх Найсвяцейшым Сакрамантам.

А ўжо пасля Імшы і святары, і ўсе вернікі змаглі атрымаць асобае прыміцыйнае бласлаўленне з рук новага святара ў Віцебскай дыяцэзіі.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, Зміцер Лупач, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку