У Лондане памёр духоўны лідар беларускай эміграцыі, айцец Аляксандр Надсан

nadsanУ Лондане на 89-м годзе жыцця памёр уніяцкі святар айцец Аляксандр Надсан.

«Сёння Бог забраў да сябе нашага айца Аляксандра. Гэта здарылася ў 22.20 [15 красавіка] у шпіталі Барнэта (Лондан), куды ён быў узяты на лячэнне ў гэты панядзелак у выніку развіцця хваробы нырак. З восені мінулага году айцец цяжка хварэў. Яму было 88 гадоў. Вечная памяць», — паведаміў у сваім фэйсбуку лонданскі святар Сяргей Стасевіч.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ў інтэрв’ю Радыё Свабода заявіла, што «смерць айца Надсана — гэта вялікая страта для нацыянальнага руху і для Беларусі. Гэтага светлага чалавека будзе не хапаць усім, у каго сэрца баліць за нашу Бацькаўшчыну».

Аляксандр Надсан да эміграцыі Бочка (нар. 8 жніўня 1926 г. у в. Гарадзея (сёння Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.), грэка-каталіцкі святар, грамадскі дзеяч, апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы.

Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Скончыў курсы малодшых кіраўнікоў СБМ у Альбярціне. У чэрвені 1944 г. стаў курсантам Мінскай афіцэрскай школы БКА. Летам 1944 г. быў далучаны да 30-й грэнадзёрскай дывізіі СС, перайшоў на бок саюзнікаў, затым служыў у 2-м Польскім корпусе ў Італіі, дзе браў удзел у баявых дзеяннях і быў паранены. У 1946 г. прыбыў у Вялікабрытанію. Адзін з заснавальнікаў ЗБВБ, рэдактар яго часопісаў «Беларус на чужыне» і «На шляху», старшыня арганізацыі ў 1951—1953 гг. Быў адным са стваральнікаў БХАА «Жыццё», БАКА «Рунь», а таксама Беларускага незалежніцкага народна-хрысціянскага руху. Скончыў матэматычны факультэт Лонданскага ўніверсітэта. Увосень 1953 г. паехаў вучыцца ў Грэцкую калегію ў Рыме.

news.tut.by23 лістапада 1958 г. атрымаў свячэнні святара ўсходняга абраду. У ліпені 1959 г. вярнуўся ў Вялікабрытанію. Працаваў выкладчыкам матэматыкі ў Нотынгеме і ажыццяўляў душпастырскую дзейнасць у Цэнтральнай і Паўночнай Англіі. Ад 1961 г. стаў адным з кіраўнікоў беларускай школы імя Кірылы Тураўскага ў Лондане.

Ад 1971 г. кіраваў Беларускай бібліятэкай-музеем імя Ф. Скарыны. Актыўна ўдзельнічаў у працы ЗБВБ, Харытатыўнай секцыі, Англа-беларускага таварыства. У 1981 г. стаў на чале Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. 30 чэрвеня 1986 г. быў прызначаны на пасаду апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў у замежжы. Стваральнік і кіраўнік Камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі. Аўтар шэрагу перакладаў літургічных тэкстаў на беларускую мову, публікацыяў з гісторыі беларускай царквы і культуры. Ганаровы доктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Наша Ніва

для друку для друку