- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

У Люрдзе адбудзецца сусветная віртуальная пілігрымка

[1]16 ліпеня, у гадавіну апошняга аб’яўлення Маці Божай святой Бэрнардэце Субіру, санктуарый ў Люрдзе арганізуе сусветную віртуальную пілігрымку ў грот аб’яўленняў. У гэты дзень прадугледжана 15-гадзінная трансляцыя праз інтэрнэт і тэлебачанне.

Гэта стала рэакцыяй на сітуацыю, якая склалася ў санктуарыі ў сувязі з эпідэміяй. Штогод сюды прыязджаюць 3 мільёны пілігрымаў, у тым ліку 50 тысяч хворых і людзей з інваліднасцю, якімі апякуюцца 100 тысяч валанцёраў.

У гэтым годзе амаль усе гэтыя людзі не змогуць наведаць Люрд. І менавіта з думкай пра іх санктуарый рыхтуе гэтую унікальную ініцыятыву. Такім чынам вернікі ва ўсім свеце змогуць далучыцца да Эўхарыстыі, ружанца ў гроце, а таксама да традыцыйнай працэсіі са свечкамі. Таксама прадугледжаны сведчанні і праграмы, якія пакажуць розныя аспекты місіі гэтага санктуарыя.

Па прычыне эпідэміі санктуарый і ўвесь горад Люрд, які існуе ў асноўным дзякуючы пілігрымам, апынуліся ў вельмі складаным становішчы. У гэтым годзе рух пілігрымаў вельмі абмежаваны.

Санктуарый, дзе працуюць 320 чалавек, паводле ацэнак страціў з-за эпідэміі 8 мільёнаў еўра. Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, святыня не адмаўляецца ад сваёй духоўнай місіі і таму стараецца быць бліжэй да вернікаў вось такім незвычайным спосабам.

gosc.pl [2]