У лістападзе стартуе падрыхтоўка да СДМ-2019

panama sdmУжо ў лістападзе пачнецца падрыхтоўка да наступных Сусветных дзён моладзі ў Панаме, паведамляе Ватыканскае радыё. Яны пройдуць у 2019 годзе. Ужо вядома, што часам правядзення напэўна будзе не лета, а студзень, люты або сакавік, таму што ў звычайную для правядзення форуму пару ў Панаме сезон дажджоў.

Старт арганізацыйным мерапрыемствам будзе дадзены на лістападаўскай сустрэчы біскупаў Цэнтральнай Амерыкі. “Нам неабходна стварыць працоўную групу, якая будзе ўзаемадзейнічаць з Ватыканам і адразу ж прыступіць да рэалізацыі інфраструктуры для прыняцця моладзі”, — сказаў першы ў гісторыі Панамы кардынал Хасэ Луіс Лакунса Маэстрахуан.

“Мы хочам, каб гэта быў дзяржаўны праект, таму што мы як Касцёл не зможам рэалізаваць гэта”, — дадаў арцыбіскуп Панамы Хасэ Дамінга Улоа Мэндзьета.

Панамскія біскупы плануюць прадставіць моладзі свету прыродны і жыццёвы каларыт краіны. Яны лічаць, што гэта лепшае, што можна прапанаваць гасцям. Калі гаворка ідзе пра бяспеку на Сусветных днях моладзі, яны нагадалі, што Панама ўжо прайшла “невялікі тэст” з нагоды візіту сюды Прэзідэнта Злучаных Штатаў Барака Абамы і кіраўніка Кубы Раўля Кастра. Епіскапат лічыць, што Панама з’яўляецца выдатным месцам для правядзення моладзевага форуму, таму што гэта “зямля-мост” паміж Паўночнай і Паўднёвай Амерыкай, і, разам з тым, краіна, размешчаная “на перыферыі” кантыненту. “Напэўна таму Францішак і абраў Панаму месцам Сусветных дзён моладзі ў 2019 г.”, — лічыць арцыбіскуп Улоа.

Іерархі жадаюць, каб нябеснымі заступнікамі панамскага форуму былі Маці Божая Гвадэлупская і бласлаўлёны Оскар Рамэра – “узор пастыра, блізкага да людзей”.

для друку для друку