У Лідзе пробашч аб’ехаў парафію, благаславіўшы яе абразом св. Барбары

11 мая ў касцёл св. Юзафа Каласанса ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (м-н Індустрыяльны) па просьбе пробашча парафіі а. Аляксандра Махнача SP прыбыў абраз святой Барбары.

Айцец Аляксандр аб’ехаў і благаславіў парафію абразом св. Барбары, узносячы малітвы за ўсіх цяжка хворых, просячы Пана Бога аб іх аздараўленні, за медработнікаў, каб Бог захаваў іх ад хваробы і небяспекі заражэння, падтрымаў у гэты складаны час і даў ім сілы для самаадданай працы, а таксама каб усім паміраючым Хрыстус адчыніў брамы Нябеснага Валадарства.

Праз заступніцтва гэтай святой людзі звяртаюцца да Усемагутнага Міласэрнага Бога асабліва падчас розных эпідэмій і цяжкіх хваробаў, а таксама просяць аб захаванні ад раптоўнай і неспадзяванай смерці.

19 красавіка, у свята Божай Міласэрнасці, у віцебскім касцёле св. Барбары біскуп Віцебскі Алег Буткевіч асвяціў гэты абраз, які ў арыгінальнай тэхніцы выканаў вядомы брэсцкі мастак Мікалай Кузьміч, аўтар сучаснай рэплікі крыжа святой Еўфрасінні Полацкай.

Даведка:

Святая Барбара жыла напрыканцы ІІІ – на пачатку IV стагоддзя дзесьці на Блізкім Усходзе: дакладнае месца невядомае. Патаемна прыняўшы хрысціянства, усім сваім сэрцам маладая дзяўчына старалася вызнаваць і праслаўляць Трыадзінага Бога, як навучаў Хрыстус.

За гэта Барбару ўзненавідзеў яе бацька Дыяскар і выдаў кіраўніку горада Марцыяну. Як падае жыццярыс святой мучаніцы, пасля шматлікіх жорсткіх катаванняў бацька адсек ёй галаву.

Святая Барбара ўшаноўваецца як у Каталіцкім Касцёле, так і ў Праваслаўнай Царкве. Яе ўспамін адзначаецца 4 снежня. Праз заступніцтва святой людзі звяртаюцца да Усемагутнага і Міласэрнага Бога асабліва падчас розных эпідэмій і цяжкіх хваробаў, а таксама просяць аб захаванні ад раптоўнай і неспадзяванай смерці.

А. Аляксандр Махнач SP, grodnensis.by

для друку для друку