У Лепелі святар-матацыкліст благаславіў байкераў

lepel_mota1Многія госці свята горада, прыйшоўшы да парку, звярнулі ўвагу на кавалькаду матацыклаў самых розных вытворцаў і дызайнаў. Двухколавыя жалезныя коні выстраіліся перад касцёлам у дзве шарэнгі, а іх гаспадары… рушылі ў храм.

Аказваецца, адным з арганізатараў гэтага мерапрыемства быў наш ксёндз касцёла св. Казіміра  Андрэй Аніскевіч.

— Ксёндз Андрэй, як прыйшла ідэя?

— Я сам – матацыкліст. Яшчэ калі служыў у Італіі, звярнуў увагу на тое, як папулярны двухколавы транспартны сродак сярод італьянцаў. А потым набыў і сабе матацыкл BMW. Гэта хуткасная, спартыўная мадэль. Служачы там у касцёле, была традыцыя ўвесну бласлаўляць матацыклы і матацыклістаў перад адкрыццём мотасезону і ўвосень – па закрыцці. Збіралася да 700 – 800 матацыклаў. Вось і падумалася, чаму б гэтую ідэю не рэалізаваць у Лепелі? Паспрабаваў правесці блаславенне перад закрыццём сезону, прымеркаванае адначасова да свята горада. Першы блін, як бачыце, не выйшаў комам.

— Як вам удалося сабраць такую колькасць байкераў?

— Мне аднаму, вядома, не ўдалося б справіцца, ролю галоўнага арганізатара ўзяў на сябе Валера Асоўскі, кіраўнік пейнтбольнага клуба “JokerPro”. Ён іх сабраў, арганізаваў, яму і слова.

— Сабраць байкераў было самай легкай справай, бо мы па сваёй прыродзе вельмі хуткія на пад’ём, — уключыўся ў гутарку Валерый. – Я і сам езджу на “Suzuki” – спартыўным матацыкле. А сабраць усіх дапамаглі сучасныя тэхналогіі – сацыяльныя сеткі. Праз іх пусціў кліч па суполках, адгукнуліся ў асноўным байкеры з нашай вобласці, прыехалі падтрымаць лепельскіх калег.

lepel_mota2

— Ксёндз Андрэй, задам вам асабістае пытанне, які матацыкл прыцягнуў вашу асаблівую ўвагу?

— Honda Gold Wink – перакладаецца як залатыя крылы. Гэта магутны, прыгожы матацыкл з V-падобным рухавіком, прыехаў на ім, дарэчы, лепяльчанін, я яго ведаю наглядна.

 У касцёле перад гасцямі прагучала арганная музыка і песні ў выкананні Таццяны Івашкевіч. Ксёндз Андрэй з амбоны прамовіў:

— Не важна, якая вопратка на чалавеку: ці сутана, ці дзелавы гарнітур, ці скураныя куртка і штаны ў заклёпках. Важна тое, якая душа ў чалавеку, якія яго думкі, памкненні і, як вынік – учынкі. Усе мы, незалежна ад роду заняткаў, аб’яднаныя любоўю да нашай Айчыны, молімся за яе, паважаем нашых братоў, сяброў, усіх людзей. Гэтая любоў і павага павінна праяўляцца і ў час, калі едзеш па дарозе. Важна, каб і на асфальце вадзіцелі і пешаходы паважалі адзін аднаго. Няхай з вамі будзе Божае блаславенне і апека святога Кшыштафа, памочніка тых, хто ў дарозе.

Пасля гэтага адбылося асвячэнне і блаславенне матацыклаў.

Увесь гэты час госці свята, асабліва дзеці і падлеткі, выкарысталі для таго, каб бліжэй разгледзець байкі, многія з якіх яны да гэтага бачылі хіба што ў кіно ці ў інтэрнэце, фатаграфаваліся. Спытаў у прысутнага на свяце старшага інспектара па адміністрацыйнай практыцы АДАІ РАУС Мікалая Кураннога.

— Наколькі карэктна, на ваш погляд, паводзяць сябе на дарогах сучасныя байкеры?

— З пачатку года ў раёне зарэгістраваныя 13 дарожна-транспартных здарэнняў. З іх толькі адно адбылося з удзелам матацыкліста, у выніку яго адзін чалавек атрымаў траўмы. А на дарогах вобласці за гэты ж час адбыліся 14 ДТЗ з удзелам матацыклістаў. У іх загінулі восем чалавек, дзевяць атрымалі раненні. У асноўным нашы матацыклісты – дысцыплінаваны народ. Хаця, вядома, здараецца ўсялякае. Бывае, што спыняем за перавышэнне хуткасці, няпройдзены тэхагляд. Але гэта хутчэй выключэнне.

— Ці не плануеце падобныя мерапрыемствы праводзіць рэгулярна, — пытаюся ў Валерыя Асоўскага.

— Скажу нават больш. У планах арганізаваць у Лепелі байкерскі клуб. Гутарыў са многімі матацыклістамі, амаль усе падтрымліваюць гэтую ідэю. Параюся з байкерамі з іншых гарадоў. Думаю, што ў бліжэйшы час нешта такое створым. А тады ўжо лягчэй і прасцей будзе арганізоўваць іншыя мерапрыемствы. Але пра гэта –- як-небудзь пазней.

Зроблены апошнія фотаздымкі, хлопцы і дзяўчаты абмяняліся тэлефонамі і адрасамі ў інтэрнэце – можна і збірацца ў дарогу. Пляцоўка зноў запоўнілася гулам рухавікоў. Бліскучая, храміраваная квалькада плаўна выязджала на вуліцы.

lepel_mota3

Васіль Матырка, тэкст
Аляксандр Астроўскі, фота

для друку для друку