У Лагішыне прайшоў фэст у гонар Маці Божай Каралевы Палесся

22 жніўня ў лагішынскім санктуарыі прайшоў фэст у гонар Маці Божай Каралевы Палесся. У гэтым годзе адзначаецца 20 гадоў з дня каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай.

Сёлета ў Лагішын прыбылі тры пілігрымкі — І пешая пілігрымка з Івацэвіч, XV пешая пілігрымка з Бярозы і ХХІ пешая пілігрымка з Баранавіч.

Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, канцэлебравалі Імшу біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка і дапаможны біскуп Пiнскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

«Дарагая моладзь, клапаціцеся пра святасць сваёй душы, а ўсе іншыя клопаты пакіньце Богу, — адзначыў біскуп Казімір Велікаселец у гаміліі. — Старайцеся жыць з Богам. Ён ніколі не пакіне таго, хто сапраўды Яго шукае, Ён заўсёды дапамагае. Маліцеся, бо малітва ўмацоўвае, і не спыняйцеся ў пошуку Бога. Кожны з нас мае абавязак жыць так, каб перад Богам стаць з чыстай душой».

Біскуп Юзаф Станеўскі пажадаў прысутным ніколі не страціць вернасць Маці Божай і заставацца вернымі малітве, выкарыстоўваць новыя магчымасці для духоўнага адраджэння.

catholic.by

для друку для друку