У Львове высвецілі наймалодшага рыма-каталіцкага біскупа свету

21 чэрвеня ў Львоўскай базіліцы адбылося біскупскае пасвячэнне Эдварда Кавы, біскупа Львоўскай архідыяцэзіі, якога 13 мая Папа Рымскі Францішак прызначыў дапаможным біскупам Львоўскай архідыяцэзіі Рымска-Каталіцкай Царквы.

39-гадовы Эдвард Кава стаў самым маладым каталіцкім біскупам у свеце. Галоўным распарадчыкам біскупскага пасвячэння быў арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі, Львоўскі мітрапаліт, а сураспарадчыкамі — арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі нунцый ва Ўкраіне, і біскуп Станіслаў Шыракарадзюк, ардынарый Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі РКЦ, паведамляе krynica.info са спасылкай на credo.pro.

На біскупскае пасвячэнне ў Львоў прыбылі практычна ўсе рыма-каталіцкія біскупы з Украіны, а таксама біскупы і святары з Польшчы, Славакіі, Венгрыі, Італіі. Прыехалі францішкане з розных гарадоў, сярод якіх правінцыял кракаўскай правінцыі францішканаў канвентуальных і іншыя.

Падчас пасвячэння былі прысутны святары з Праваслаўных Цэркваў, прадстаўнікі ўлады, дыпламаты.

Перад пачаткам Імшы біскупа-намінанта сустракалі парафіяне з яго роднай парафіі – Мастыскі, што на Львоўшчыне.

Акт намінацыі зачытаў сакратар епіскапату Украіны біскуп Віталь Скамароўскі. Верныя ў кафедральным саборы сустрэлі гэта апладысментамі.

Падчас гаміліі Львоўскі мітрапаліт РКЦ арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі адзначыў, што Эдвард Кава ўпісваецца ў гісторыю Львоўскай архідыяцэзіі, як пяты біскуп францішканскай сям’і. «Хай Гасподзь дабраславіць цябе і вядзе шляхамі бласлаўлёнага Якава Стрэпы і святога Язэпа Більчэўскага», — заклікаў арцыбіскуп Макшыцкі.

для друку для друку