У Клюшчанах на месцы згарэлага касцёла пабудуюць капліцу

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч выдаў распараджэнне аб зборы матэрыяльных сродкаў на будаўніцтва новай капліцы ў Клюшчанах, якую пабудуюць на месцы згарэлага касцёла св. Яўхіма.

Святыня з амаль 300-гадовай гісторыяй згарэла 6 чэрвеня. Касцёл з дрэва быў пабудаваны ў 1726 годзе і дзейнічаў да 1948 г. У 1990-х яго вярнулі вернікам.

У касцёле ў Клюшчанах нёс служэнне кс. Канстанцін (Кастанты) Стэповіч (паэтычны псеўданім — Казімір Сваяк). Тут у 1915 годзе ён прамовіў адно з першых сваіх казанняў на беларускай мове, што ў той час было ў навінку.

У клюшчанскай парафіі Казімір Сваяк арганізаваў парафіяльны хор, у якім іграў на скрыпцы і спяваў. Таксама дзякуючы намаганням святара ў наваколлі была арганізавана праца некалькіх школ з беларускай мовай навучання.

Ахвяраванні збяруць 6 жніўня

Збор ахвяраванняў ва ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі пройдзе ў нядзелю 6 жніўня.

«Ад імя клюшчанскіх вернікаў звяртаюся да вас з просьбай быць салідарнымі і сабраць ахвяраванні на будову капліцы, якая павінна з’явіцца на месцы страчанага касцёла», — заахвочвае біскуп у распараджэнні.

catholic.by

для друку для друку