У Кітаі ўлады без указання прычын знішчылі каталіцкую святыню

Адзіны каталіцкі касцёл у вёсцы Шыфанг, што ў правінцыі Шаанксі, быў разбураны ўладай без указання якіхсьці прычын. Святыня была пабудавана 18 гадоў таму са згоды Міністэрства па справах рэлігій.

З 1999 года касцёл наведвалі вернікі без аніякіх запалохванняў з боку ўладаў. Ён знаходзіцца побач з аўтастрадай, якая злучае Пекін і Кунмінг.

Католікі з вёскі Шыфанг апублікавалі ў інтэрнэце фотаздымкі афіцыйных дакументаў, з якіх вынікае, што яны мелі ўсе неабходныя дазволы на пабудову святыні і нават атрымалі бестэрміновае карыстанне тэрыторыяй, на якой яна стаіць.

Тым не менш, без усялякіх кансультацый з вернікамі ўлады аб’явілі 20 снежня аб ліквідацыі касцёла, а 27 снежня прыступілі да яго знішчэння. Спачатку знішчылі крыж, потым былі разбураны стацыі Крыжовага шляху, напрыканцы грузавік вывез літургічнае адзенне і лаўкі. Перад знішчэннем муроў касцёла і падчас зносу вернікам не дазвалялася набліжацца да касцёла і нават забіраць рэчы, якія знаходзяцца ў сакрыстыі.

Католікі арганізавалі дэманстрацыю перад сядзібай мясцовых органаў улады, але не атрымалі адказу, чаму іх касцёл быў знесены.

Catholic.by

для друку для друку