У Кіраве і Краснаярску ідуць суды за вяртанне католікам храмаў

Дзяржава лічыць, што гаворка не пра касцёлы, а пра “арганныя залы”.

У расійскіх Кіраве і Краснаярску разглядаюцца позвы аб вяртанні мясцовым каталіцкім суполкам гістарычных будынкаў храмаў. Сітуацыі падобныя: касцёлы былі адабраныя камуністамі пры ўсталяванні савецкай улады, затым храмы пераабсталявалі пад арганныя залы. Менавіта так улады і называюць будынкі, адмаўляючыся прызнаваць, што на самой справе гаворка ідзе пра храмы.

Нагадаем, у Краснаярску ўлады адмовіліся перадаць прыходу Перамянення Гасподняга былы касцёл, па той прычыне, што ён “не з’яўляецца маёмасцю рэлігійнага прызначэння”.

А ў рашэнні кіраўскіх уладаў гаворыцца пра тое, што акрамя памяшканняў рэлігійнага прызначэння пасля рэканструкцыі ў будынку з’явіліся і іншыя памяшканні, якія эксплуатаваць асобна немагчыма.

Паседжанне ў Краснаярску па апеляцыі каталіцкай абшчыны прызначанае на сярэдзіну лютага. У позве гаворыцца, што храм быў спецыяльна ўзведзены для правядзення богаслужэнняў на сродкі, сабраныя вернікамі, такім чынам, будынак з’яўляецца маёмасцю рэлігійнага прызначэння. Зараз яно належыць філармоніі, якая прадастаўляе плошчы католіцкай абшчыне па дамове аб правядзенні “культавых мерапрыемстваў”. Католікі ж кіруюцца законам «Аб перадачы рэлігійным арганізацыям маёмасці рэлігійнага прызначэння, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай або муніцыпальнай уласнасці» і патрабуюць бязвыплатна аддаць будынак.

У канцы лютага працягнецца працэс па позве католікоў Кірава. Адвакат Ян Чабатароў так пракаментаваў першае паседжанне:

– Зразумелая пазіцыя Урада — яны заяўляюць, што раз першапачаткова пабудаваны будынак касцёла падвяргаўся ў 1992 годзе рэканструкцыі, то ў выніку атрымаўся новы будынак, які ўжо не мае рэлігійнага прызначэння і адпаведна з’яўляецца «новабудоўляй», на які закон аб вяртанні маёмасці рэлігійнага прызначэння не распаўсюджваецца . Вельмі цікавая пазіцыя, якая супярэчыць як Закону № 327-ФЗ, так і судовай практыцы. Ужо колькі разоў паўтаралі свету, што пад увагу прымаецца мэта стварэння будынка, а ўсе наступныя перапланіроўкі і рэканструкцыі не кажуць аб фактычнай адсутнасці аб’екта і не з’яўляюцца падставай да адмовы ў перадачы храма вернікам.

“Украдзеная рэч, хай нават адрамантаваная – усё роўна падлягае перадачы законнаму ўладальніку, а праведзеная рэканструкцыя не азначае стварэнне новага аб’екта”, – падкрэслівае адвакат.

Паводле Katolik.life

для друку для друку