У католікаў распачаўся Святы Пасхальны Трыдуум

У Вялікі чацвер закончыўся перыяд Вялікага посту і распачаўся Святы Пасхальны Трыдуум, які завершыцца ў Велікодную нядзелю.

Святы Пасхальны Трыдуум – гэта тры часткі адзінай падзеі Вялікадня Езуса Хрыста.

У Вялікі чацвер Езусам Хрыстом падчас апошняй вячэры былі ўстаноўленыя два сакраманты: сакрамант Эўхарыстыі і сакрамант святарства. У гэты дзень вернікі віншуюць сваіх святароў. Адбылося такое віншаванне і ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім. Глыбоцкія парафіяне падрыхтавалі сваім пастырам своеасаблівы сюрпрыз: на вялікім экране святары пабачылі прэзентацыю са здымкамі, дзе былі адзначаныя важныя этапы ў іхняй дарозе да святарства.  Пасля гэтага вернікі ўручылі ім кветкі.

Падчас Імшы кс. Іван Кароткін здзейсніў абрад абмывання ног сваім парафіянам. Гэта робіцца ў памяць той падзеі, калі Езус перад апошняй вячэрай абмыў ногі сваім вучням.

Напрыканцы Імшы святары ў працэсіі перанеслі Цела і Кроў Хрыста ў “вязніцу”, якая была зробленая ў правым бакавым алтары. Гэта сімвалізуе той момант, калі Езус быў выдадзены першасвятарам, арыштаваны і змешчаны пад варту. Там Цела і Кроў Пана будзе знаходзіцца да святочнай велікоднай Імшы.

Зміцер Лупач

для друку для друку