У катэдры ў Віцебску можна наведаць фотавыставу “Хайсы – вiцебскiя Курапаты”

У віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага 30 кастрычніка пачала працаваць фотавыстава “Хайсы – віцебскія Курапаты”. У экспазіцыі – больш за 180 фотаздымкаў, якія распавядаюць пра месца сталінскіх расстрэлаў ва ўрочышчы Хайсы пад Віцебскам. А таксама дакументы і артыкулы – як сведчанне змагання за памяць і праўду…

“Мы вяртаем гістарычную праўду”

Адкрыў выставу старшыня грамадскай ініцыятывы “Хайсы” Ян Дзяржаўцаў, дзякуючы намаганням якога і ажыццявіўся гэты праект. Ян Дзяржаўцаў распавёў, як у 2014 годзе разам з паплечнікамі пры дапамозе жыхара вёскі Лужасна Сяргея Кудзінава адшукаў магілы, разрабаваныя чорнымі капальнікамі. Наперадзе была доўгая пошукавая праца. Апытаныя актывістамі мясцовыя жыхары пераконвалі, што знойдзеныя пахаванні належаць ахвярам сталінізму. Пацверджаннем таму сталі сотні матэрыяльных сведчанняў, якія былі знойдзеныя пазней вайскоўцамі 52-га пошукавага батальёну. А па адкапаным грабеньчыку ўдалося высветліць нават імя асобы, якой ён належаў, – Вольгі Данцыт.

“Гэткім чынам мы вяртаем гістарычную праўду. Распавядаем, як тое было насамрэч. Дапамагаем людзям адшукаць магчымае месца спачыну іх родных. І на працягу ўжо пяці гадоў ствараем мемарыял”, – сказаў Ян Дзяржаўцаў.

Ён адзначыў, што ўлады адмовіліся дапамагаць у высвятленні праўды і ў належным ушанаванні бязвінна забітых. Мемарыял “Хайсы” паўстаў выключна дзякуючы працы грамадскіх актывістаў і ахвяраванням простых беларусаў.

“Гэта мусіць стаць урокам”

“Справа Касцёла – гэта справа адносінаў чалавека і Бога. Без веры ў Бога чалавек перастае шанаваць сваё жыццё. Заданнем Касцёла ёсць таксама малітва за тых, хто сышоў без пакаяння – каб Бог прыняў іх да іншай, шчаслівай рэчаіснасці. Адначасова просім, каб чалавек, які застаецца і жыве тут, разумеў і шанаваў сябе як узор Божы”, – сказаў на адкрыцці выставы біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Ён зазначыў таксама, што ўсё, пра што расказвае выстава, не павінна паўтарыцца. Мусіць стаць урокам таго, да чаго можа дайсці чалавек, які не мае ў сваім сэрцы Бога.

“Хочацца, каб выстава несла прымірэнне”

Ксёндз Вячаслаў Барок, які адмыслова прыехаў на імпрэзу з Расонаў, адзначыў важнасць выставы “для лекавання народнай памяці, якая мусіць абудзіць сумленне”.

“Выстава гэтая праводзіцца не для таго, каб знайсці вінаватых і пакараць іх. І не для таго, каб, не дай Божа, гледзячы на гэтыя косці, хтосьці пажадаў адпомсціць. Хочацца, каб гэтая выстава несла пасыл прымірэння. Каб мы, убачыўшы ў мінулым кепскае, пакаяліся…” – падкрэсліў святар.

Разам з тым, кс. Вячаслаў Барок зазначыў, што нельга адмаўляць мінулую трагедыю, бо чарапы і косці, якія тырчаць з зямлі, прамаўляюць да нас. І той, хто намагаецца схаваць гэтыя сведчанні, глыбока памыляецца. Як памыляецца і той, хто бачыць у выставе нейкі палітычны кантэкст.

“Усё зроблена на сродкі беларускага народу”

Уніяцкі святар айцец Зміцер Грышан прызнаўся, што быў шакаваны, калі першы раз у 2014 годзе наведаў расстрэльны лес у Хайсах.

“Нашым адказам пасля сустрэчы з гэтымі парэшткамі мусіць быць прабачэнне, бо прабачэнне патрэбнае найперш нам. І не трэба шукаць адказу на тое, як такое магло стацца на нашай зямлі, бо ў аснове ўсяго гэтага ляжыць грэх. Але самае жахлівае было б прагнуць помсты і жадаць знішчыць выканаўцаў”, – сказаў айцец Зміцер.

Грамадскі дырэктар народнага мемарыялу “Курапаты” Алесь Чахольскі з Мінску ў сваім выступе назваў Яна Дзяржаўцава асобай, якая ўмее браць на сябе адказнасць.

“Я ведаю, як гэта ўсё цяжка даецца, бо займаюся такой жа працай цягам ужо 20 гадоў у Курапатах. Ведаю, як цяжка збіраецца фактычны матэрыял, як цяжка збіраюцца сродкі. Усё, што зроблена ў Хайсах, і ўсё, што зроблена ў Курапатах і ва ўсёй Беларусі, зроблена на сродкі беларускага народу. Там няма ніводнай капейкі ад гэтай дзяржавы”,– падкрэсліў Алесь Чахольскі.

“Кажу вам – я не вінаваты!”

Краязнаўца і актывіст Уладзімір Іваноў звярнуў увагу на “рэанімацыю” асобы Сталіна ў сучаснай Расіі. Казаў, што, паводле даследаванняў, 30% маладых расейцаў назвалі Сталіна “вялікай гістарычнай асобай”. Магчыма, што ў Беларусі сітуацыя іншая, але ж у назвах вуліцаў Віцебску па-ранейшаму жывуць імёны сталінскіх паплечнікаў, рукі якіх былі заплямленыя чалавечай крывёю.

Актывістка грамадскай ініцыятывы “Хайсы” Таццяна Севярынец напрыканцы імпрэзы таксама казала пра веру, памяць і прабачэнне. Сваю прамову завяршыла радкамі, якія надрапаў на сцяне вязніцы перад расстрэлам у ноч з 29 на 30 кастрычніка рэпрэсаваны беларускі паэт Міхась Чарот. “Мае палі, Мае бары, – Кажу вам – я не вiнаваты!” – так заканчваецца верш.

Выставу “Хайсы – вiцебскiя Курапаты” можна наведаць цягам тыдня ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску (вул. Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, 28).

vitebskspring.org

для друку для друку