У касцёле святой Ганны ў Мосары святая Імша распачалася дударскай музыкай

Віталь Воранаў выканаў на дудзе гімн “Магутны Божа”.

Гэта адбылося ў нядзелю, 6 мая. Наведваннем касцёла Святой Ганны ў Мосары заканчвалася праграма міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй”, які праходзіў на Глыбоччыне з 4 па 6 мая. У ім прынялі ўдзел дудары са Славакіі, Чэхіі, Польшчы, Партугаліі, Латвіі, Расіі і, вядома, Беларусі.

Дудары прыехалі ў Мосар перад самым пачаткам святой Імшы, таму парафіяне звярнуліся да пробашча з просьбай дазволіць Віталю Воранаву сыграць перад пачаткам богаслужэння. Ксёндз Марат Казлоўскі не толькі дазволіў гэты выступ, але высока ацаніў тую справу, якую робяць дудары-энтузіясты па адраджэнню культуры нашых продкаў. Ён заклікаў парафіян маліцца за гэтых людзей, каб гэта справа працягвалася і надалей.

Дудары наведалі не толькі храм, але і культурна-дэндралагічны комплекс вакол касцёла, які ў свой час стварыў ксёндз Юозас Булька. Гасцей з ім пазнаёміла экскурсавод Марына Ткачонак. Яна вельмі цікава распавяла пра гісторыю касцёла, пра стварэнне гэтага парка, пра асобу ксяндза Булькі.

Спадзяёмся, Мосар застанецца ў сэрцах гасцей, і яны захочуць зноў наведаць гэта цудоўнае месца.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

Леанід Юрык, фота

для друку для друку