У Навагрудку адбыўся канцэрт арганнай музыкі і творчы вечар з нагоды парафіяльнага фэсту

28 верасня ў касцёле св. Міхала Арханёла ў Навагрудку адбыўся дабрачынны канцэрт арганнай музыкі і вакальных выканаўцаў. Поўны храм слухачоў сабраў дабрычынны канцэрт арганнай музыкі, прымеркаваны парафіяльнаму фэсту ў гонар св. Міхала Арханёла.

На канцэрце прысутнічалі госці з Польшчы, Санкт-Пецярбургу, Мінска, Гродна, Ліды, Шчучына, Мастоў, Іўя і іншых гарадоў. У праграме прагучалі традыцыйныя рэлігійныя і класічныя сусветныя творы Вівальдзі, Гайдна, Данаўдзі, Моргана, Брукнэра, Каваллі, Франка і іншых у выкананні лаўрэатаў міжнародных конкурсаў І. Данько (арганіст касцёла ў Радашковічах), К. Мядзведзевай (выкладчык музычнай акадэміі ў Мінску, канцэртмайстар), А. Міхневіча (арганіста касцёла св. Міхала Арханёла ў Навагрудку), Д. Апецянка (Саліст сімфанічнага аркестра пры маладзечанскім музычным каледжы) і В. Васюкевіча (саліста Узброеных сілаў РБ).

А ўжо ў нядзелю, 29 верасня ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку прайшоў творчы вечар з нагоды святкавання патранальнай урачыстасці парафіі. Распачаў вечар інструментальны музычны калектыў, які пачаў дзейнічаць пры парафіі і які выступіў упершыню.

Прагучалі усім вядомыя класічныя творы, якія выконваліся на аскустычных і бас гітары, саксафоне, фартэпіяна і перкусіі. Пасля выступу адбылася прэзентацыя кнігі, кс. Тадэвуша Крыштопіка «Распазнаць дух антыхрыста», якая была выдадзена на рускай і польскай мовах у тэкставым і аўдыё фармаце. Аўтар выдання распавёў перадгісторыю напісання кнігі, растлумачыў біблійнае разуменне і значэнне антыхрыста, прадставіў у чым перш за ўсё праяўляецца дух антыхрысты ў нашыя часы. Прысутныя на вечары мелі магчымасць задаць свае пытанні і падыскутаваць. Пасля кс. Тадэвуш, разам з гітарыстам выканаў свае новыя духоўныя песні. Навагрудчане мелі такама магчымасць паслухаць класічныя творы ў прафесійным выкананні гітарыста Уладзіміра з Квасоўкі.

Пасля сустрэчы кожны атрымаў у дары дыск з апошнімі песнямі кс. Тадэвуша на розных мовах.

Кс. Юрый Жэгарын

для друку для друку