У Касцёле расце колькасць свецкіх місіянераў і скарачаецца колькасць святароў

У перыяд з 2010 па 2017 г. колькасць католікаў вырасла амаль на 10 адсоткаў.

У перыяд з 2010 па 2017 год колькасць католікоў ва ўсім свеце вырасла на 9,8 працэнта і ў 2017 годзе дасягнула 1 мільярда 313 мільёнаў. Найбольшы рост адбыўся ў Афрыцы – 26,1%, найменшы – у Еўропе (0,3%). Афрыка знаходзіцца таксама на першым месцы па росце колькасці касцёльных акругаў (3%), у той час як у Еўропе лік касцёльных акругаў вырас на 1,2 адсоткі.

Што тычыцца колькасці прэзбітэраў, то за гэты перыяд пік росту прыйшоўся на 2014 год, а затым наступіла паступовае скарачэнне іх колькасці, якое сведчыць пра крызіс пакліканняў. Выключэнне з гэтай тэндэнцыі – Афрыка, дзе колькасць святароў пастаянна павялічваецца: за сем гадоў іх стала на 23,7 адсоткі больш.

Цікава адзначыць развіццё інстытута пастаяннага дыяканату. За разгледжаны перыяд пастаянных дыяканаў у Касцёле стала больш на 18,5 адсоткаў, уключаючы дыяцэзіяльных дыяканаў і членаў манаскіх інстытутаў. Найбольшае развіццё ў апошнія гады пастаянны дыяканат атрымаў у Еўропе.

Паступова скарачаецца колькасць манахаў, якія не прымаюць святы сан: за сем гадоў іх стала менш на 5,7%. Значна скарацілася і колькасць манашак: у сярэднім на 10,1%. Тут аднак назіраецца вялікі разрыў паміж кантынентамі: у Амерыцы, Еўропе і Акіяніі скарачэнне колькасці манашак складае ад 16 да 19 і больш адсоткаў, а ў Афрыцы і Азіі, наадварот, іх колькасць вырасла адпаведна на 11,5 і на 4,6 адсоткі.

Ва ўсім свеце расце колькасць свецкіх місіянераў: у перыяд з 2010 па 2017 год іх стала на 6,1% больш, прычым у Еўропе гэтая лічба ўражвае: колькасць місіянераў католікаў вырасла больш чым на 80 адсоткаў. Станоўчая дынаміка датычыцца і да ліку катэхетаў, за выключэннем Амерыкі і Еўропы.

Вольга Сакун, руская рэдакцыя Vatican News
Пераклад Змітра Лупача

для друку для друку