У Касцёле на Беларусі адраджаецца сталы дыяканат

Рашэнне аб адраджэнні інстытуту сталага, або пастаяннага, дыяканату прынята беларускім епіскапатам, але кожны біскуп самастойна вырашае, ці патрэбныя ў яго дыяцэзіі сталыя дыяканы.

Сталыя, або пастаянныя, дыяканы — гэты тыя, хто прымае сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату не для таго, каб праз нейкі час стаць прэзбітэрам, а каб выконваць у Касцёле служэнне дыяканату, устаноўленае яшчэ апосталамі. Сталымі дыяканамі могуць стаць як нежанатыя мужчыны, так і мужчыны ў шлюбе і з дзецьмі. Разгледзім інстытут сталага дыяканату больш падрабязна.

Хто такі сталы дыякан?

Дыяканат — адна са ступеняў сакрамэнту пасвячэння. Сакрамэнт пасвячэння мае тры ступені: біскупства, прэзбітэрат (святарства) і дыяканат.

Паводле айцоў Касцёла, біскуп прадстаўляе Хрыста для мясцовага Касцёла, прэзбітэр — служыць супольнасці, а дыякан у першую чаргу дапамагае біскупу.

Евангеліст Лука называе служэнне дыяканаў “паслугай пры сталах”. Пра абранне першых сямі дыяканаў сказана ў Дзеях Апосталаў (пар. Дз 6, 1-6).

На Захадзе сталыя дыяканы праіснавалі прыкладна да V стагоддзя. Потым па розных прычынах дыяканамі станавіліся толькі тыя, хто ў хуткім часе прымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. На Другім Ватыканскім Саборы стан сталых дыяканаў быў адноўлены.

Падрабязней пра сталы дыяканат можна прачытаць тут

Чым займаецца сталы дыякан?

Падчас Імшы сталы дыякан можа выконваць функцыі акаліта, лектара і міністранта, а таксама ўдзяляць Камунію і чытаць Евангелле.

Увогуле заданні дыяканскага стану разнастайныя: служэнне Слова, выкананне пэўных літургічных функцый, душпастырскія абавязкі і дабрачыннасць. Служэнне Слова азначае абавязак абвяшчаць Евангелле не толькі падчас літургіі, але і ва ўласным жыцці, сярод сваіх разнастайных заняткаў.

Выкананне літургічных функцый — гэта перадусім служэнне пры алтары падчас Імшы. Гаворка ідзе не пра канцэлебрацыю, а пра дапамогу ў літургіі.

Сталы дыякан можа пры неабходнасці хрысціць і асіставаць пры заключэнні сужэнства, здзяйсняць некаторыя сакрамэнталіі, а таксама ўзначальваць абрады пахавання.

Як стаць сталым дыяканам?

Кандыдаты ў сталы дыяканат павінны быць фізічна і духоўна падрыхтаванымі: важнае фізічнае і псіхічнае здароўе, рэлігійнасць чалавека, здольнасць да кантактаў з іншымі, удзел у дабрачыннасці.

Згодна з Кодэксам Кананічнага Права, кандыдатам у сталы дыяканат можа быць як жанаты, так і нежанаты мужчына.

Узрост жанатага мужчыны — ад 35 гадоў. Для прыняцця дыяканату пры паступленні ён павінен мець пісьмовую згоду жонкі. Нежанаты мужчына — ад 25 гадоў.

Прайсці фармацыю сталага дыякана, якая працягваецца 4 гады, сёння можна ў духоўнай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу. Кожны семестр заняткі праводзяцца на працягу двух тыдняў.

Catholic.by

для друку для друку