У Кардоне вандалы спілавалі каталіцкі крыж каля капліцы

Ноччу з 1 на 2 ліпеня вандалы спілавалі каталіцкі крыж каля капліцы Маці Божай Будслаўскай у Кардоне ў Віцебскай дыяцэзіі.

Парафіяне агледзелі спілаваны крыж раніцай у нядзелю 2 ліпеня. Ксёндз Аляксандр Півавар, пробашч парафіі ў Уле, які абслугоўвае таксама Кардон, паведаміў “Каталіцкаму Весніку”, што пра акт вандалізму ўжо ведаюць праваахоўныя органы.

Святар сказаў, што парафіяне будуць у малітвах перапрашаць Бога за здзейснены ўчынак, а таксама маліцца за навяртанне вандалаў. На месцы спілаванага крыжа вернікі паставяць металічны.

“Людзі плакалі, калі даведаліся пра гэта. Крыж быў пастаўлены намаганнямі саміх парафіян і быў асвечаны. Наогул знак крыжа вельмі дарагі сэрцу кожнага католіка. Мы ўсе вельмі перажываем з-за гэтага здарэння. Ніколі нічога падобнага не было ў нашай парафіі”, – сказаў кс. Аляксандр Півавар.

Пакуль што невядома, хто зрабіў гэты ўчынак. Але заслугоўвае на ўвагу той факт, што злачынства было ўчынена ў ноч, калі католікі Беларусі святкуюць урачыстасць Маці Божай Будслаўскай.

для друку для друку