У капліцы на бараўлянскай горцы клерык Юрый Пашкавец SDB аднавіў часовыя манаскія шлюбы

manaseckie obetu7 верасня ў капліцы на бараўлянскай горцы сабралася салезіянская сям’я з усіх куткоў Беларусі. Нагодай для сустрэчы стала аднаўленне часовых манаскіх шлюбаў клерыка Юрыя Пашкаўца SDB.

Пасля казання, у якім дэлегат салезіянаў на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB адзначыў, як важна ў сучаснасці быць добрым знакам для іншага, клерык Юрый склаў перад Богам і людзьмі шлюб паслухмянасці, убоства і чыстасці.

Гэты момант таксама стаў знакам для прысутнай моладзі – не трэба баяцца аніякіх абставін, Бог заўсёды падтрымае кожнага на шляху яго паклікання.

Пасля св. Імшы да клерыка прагучалі словы віншавання ад усіх прысутных галін салезіянскай сям’і. Асабліва кранальнымі былі словы падзякі да матулі клерыка Юрыя, якая заўсёды падтрымлівала яго і працягвае падтрымліваць на шляху да святарства.

Па добрай салезіянскай традыцыі свята працягнулася ў араторыі, дзе кожнага госця чакаў падсілак і магчымасць асабіста паразмаўляць з клерыкам Юрыем, які зараз будзе несці паслугу ў бараўлянскай парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў.

Таццяна Ісакава, sdb.by

для друку для друку