У Канстанцінаве адзначылі дваццацігадовы юбілей пабудовы касцёла (+відэа)

DSC_0805У Канстанцінаве, што на Глыбоччыне, адзначылі дваццацігадовы юбілей пабудовы касцёла.

На юбілей прыбыў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, які і ўзначаліў святую Імшу.

Вернікі разам з пробашчам парафіі ксяндзом Антоніем Лагунёнкам сустракалі высокага госця перад уваходам у святыню. Пасля прывітальных словаў біскупу паднеслі каравай, які ён з пашанай прыняў з рук вернікаў. Хлеб як сімвал жыцця і дабрабыту ў Касцёле мае яшчэ і больш высокае значэнне: менавіта пад выглядам хлеба ў храме прысутнічае сам Езус Хрыстус.

Сустрэчы кіраўніка дыяцэзіі спрыяла і надвор’е, бо ў гэты час засвяціла такое рэдкае ў гэтыя лістападаўскія дні сонца.

Пасля гэтага біскуп разам са святарамі накіраваўся ў святыню. Не дужа вялікі па памерах храм быў цалкам запоўнены вернікамі парафіі, а таксама гасцямі з іншых парафій. Прыбылі на ўрачыстасць і святары, прычым не толькі з суседніх парафій, але нават з суседняй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Два святары, што прысутнічалі на свяце, – ксяндзы Павел Самсонаў і Андрэй Кулік – раней ужо служылі ў Канстанцінаве.

Напачатку святой Імшы біскуп Алег нагадаў вернікам, што храм – гэта месца, дзе асаблівым чынам прысутнічае Бог. Але святыня – гэта не толькі каменныя сцены, але ў першую чаргу гэта самі вернікі. Кожны з тут прысутных, адзначыў біскуп, з’яўляецца святыняй Духа Святога.

Падчас святой Імшы іерарх удзяліў сакрамант канфірмацыі, або бежмавання, некалькі дзясяткам вернікаў. Перад удзяленнем гэтага сакраманту, які ў Каталіцкім Касцёле прымаецца ў сталым узросце, ён спытаў у вернікаў, што яны хочуць атрымаць з яго рук і ці належным чынам да гэтага падрыхтаваліся. Пасля чаго адзначыў, што слухаючы жвавыя адказы вернікаў, можна зрабіць вывад, што ў гэтай парафіі яны паставіліся да гэтай падрыхтоўкі вельмі сур’ёзна.

У сваім слове да вернікаў біскуп нагадаў пра важнасць выканання Божых запаведзяў. Мы не заўсёды іх памятаем, – адзначыў ардынарый, – але Бог залажыў чалавеку асаблівы механізм, які адразу падказвае нам пра іх парушэнне. Гэты механізм – сумленне чалавека. Сумленне, вядома, ёсць і ў няверуючых людзей. Але без веры яно нагадвае дом без падмурка. І людзі, якія не вераць у Бога, проста перастаюць яго слухацца.

Біскуп нагадаў пра важнасць сумлення як і ў высокіх кіраўнікоў, так і ў сямейным жыцці. Бо ўсе мы хочам, каб нас акружалі сумленныя людзі. “Калі распачалося жыццё ў сумленнай жанчыны, – адзначыў біскуп Алег, то яна не дазволіць яго знішчыць. Бо можна знішчыць або жыццё, або сумленне.”

Напрыканцы гаміліі іерарх нагадаў, што Дух Святы, дары якога кандыдаты да бежмавання хутка атрымаюць, ёсць духам любові:

— Няхай гэты дух любові кіруе вашым жыццём, няхай ён як мага болей напоўніць вашыя сэрцы.

Пасля гэтага біскуп Алег удзяліў вернікам сакрамант канфірмацыі. Кандыдаты разам са сведкамі падыходзілі да біскупа, ён святым алеем рабіў ім на чале знак крыжа і жадаў ім супакою. Падчас гэтага сакраманту вернікі атрымоўваюць таксама яшчэ адно імя. Бо першае імя нам даюць бацькі пры нараджэнні, потым яго пацвярджае святар падчас хросту, а пры канфірмацыі вернік сам выбірае сабе святога заступніка, імя якога будзе насіць.

Калі сам абрад бежмавання быў скончаны, адбылася працэсія з дарамі. Высокаму госцю былі паднесеныя свечка як сімвал Святога Духа, які ў выглядзе языкоў полымя сышоў на апосталаў; крыж, які сімвалізуе святую Тройцу; Біблія як сімвал Божай мудрасці; плады як знак працы рук людскіх; вада і віно – крыніца Божай ласкі; гостыя, у выглядзе якой у святыні прысутнічае сам Езус.

Надалей адбыўся абрад Эўхарыстыі, які лічыцца галоўным момантам у святой Імшы. На заканчэнні богаслужэння біскупа і святароў прывіталі вернікі, што атрымалі сакрамант бежмавання, прадстаўнікі мясцовай улады, а таксама старэйшыя вернікі парафіі. Біскупу Алегу ў якасці падарунка ўручылі карціну, на якой намаляваны кляштар і храм у Беразвеччы. Зараз, на жаль, храма няма, а ў будынку кляштара размяшчаецца турма. Але, як адзначыў віцебскі ардынарый, для Бога няма нічога немагчымага, і калі на тое будзе Божая воля і жаданне людзей, храм у Беразвеччы можна будзе аднавіць.

На заканчэнні ўрачыстасцей адбылася працэсія вакол касцёла. Закончылася мерапрыества спевам гімна “Магутны, Божа”.

Нягледзячы на тое, што сучаснаму будынку святыні споўнілася толькі два дзясяткі гадоў, сама гісторыя парафіі налічвае некалькі стагоддзяў. Розныя перыяды былі ў гэтай гісторыі, але найбольш пацярпела парафія ў гады ваяўнічага атэізму. Спачатку ў вернікаў забралі святара, а потым і сам будынак, які напачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя быў разабраны, а на гэтым месцы пабудавана крама.

Але людзі захавалі ў сваім сэрцы моцную веру, якая і дазволіла ім праз тры дзесяцігоддзі ўзвесці на гэтым месцы мураваны храм, які кансэкраваў кардынал Казімір Свёнтак у лістападзе 1995 года.

На жаль, зараз змяншаецца колькасць парафіянаў, бо вясковае насельніцтва паступова вымірае. Але хочацца спадзявацца, што святыня ў Канстанцінаве не будзе пуставаць, і вера наступных пакаленняў будзе такой моцнай, як і вера нашых бацькоў і дзядоў.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

Леанід Юрык, відэа

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі